Актывісты, затрыманыя падчас адкрыцця помніка Леніну, выходзяць на волю

Трох актывістаў, затрыманых сёння падчас урачыстага адкрыцця помніка Леніну, выпусцілі з РАУС. Каля 18-й гадзіны вызвалілі і Змітра Дашкевіча.

daszkevicz_1_logo.jpg


Сяргей Пальчэўскі, Раман Ганчароў, Арцём Леўчанка, якія былі затрыманыя сёння падчас акцыі пратэсту супраць усталявання помніка Леніну каля галоўнай прахадной Мінскага трактарнага заводу, вызваленыя з Партызанскага РАУС.

Вызвалення лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча, давялося чакаць яшчэ пэўны час. Ён выйшаў на волю каля 18-й гадзіны. 

На Дашкевіча склалі тры пратаколы: за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі», за «хуліганства» і за «непадпарадкаванне міліцыі». «Я не помню, каб раней так брутальна затрымлівалі. У міліцэйскім аўтобусе мяне збівалі. Калі я пачаў маліцца, тыцкалі дубінкай у зубы. Брудна лаяліся. Усе гэтыя іх дзеянні я зафіксаваў у пратаколах. Думаю, буду падаваць скаргі», — сказаў Дашкевіч карэспандэнту "Нашай Нівы".




Як паведаміў НЧ Сяргей Пальчэўскі, ён і іншыя актывісты падчас урачыстага адкрыцця помніка Леніну разгарнулі плакаты з цытатамі Уладзімір Леніна, якія выяўляюць ягоную сапраўдную, антыгуманістычную сутнасць, а таксама выкрыквалі “Ганьба!”.

Праз некалькі секунд іх жорстка затрымалі амапаўцы і адвезлі ў Партызанскі РУУС. Там хлопцаў пратрымалі тварам да сцяны амаль тры гадзіны. На затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 23.34 КоАП, на Змітра Дашкевіча таксама скалі пратакол паводле артыкула 17.1 КоАП.