«Беларусь — інфлюэнсер пратэснай дзейнасці». Спецслужбы здымалі размовы расійскіх палітолагаў з дыпламатам
Пракрамлёўскі тэлеграм-канал апублікаваў запісы размоў расійскіх палітолагаў з брытанскім дыпламатам, зробленыя схаванай камерай у маскоўскім рэстаране. Спецслужбы пісалі размовы на відэа і аўдыё.
Апублікаваныя запісы з Кацярынай Шульман, Глебам Паўлоўскім і Валерыем Салаўём.
З размоў можна даведацца цікавыя факты пра расійскі істэблішмент.
Напрыклад, Глеб Паўлоўскі, палітолаг і публіцыст, кажа, што ў Крамлі фармуецца нейкі «ансамбль», і «Пуцін не можа гэтаму перашкаджаць». Паўлоўскі прадказвае крызіс, які будзе «даволі хутка».
«Пратэсны досвед Беларусі пранікае сюды. Беларусь — інфлюэнсер пратэснай дзейнасці ў РФ», — кажа Валерый Салавей.
«Пуцін унікае ад вырашэння праблем, — гаворыць Паўлоўскі. — Фармальна гэта тлумачыцца пандэміяй, але ён наогул ніколі не любіў шмат працаваць».
Паводле зліву, Кадыраў таксама быў аб’ектам цікавасці брытанскіх дыпламатаў. «Кадыраў рыхтуецца да сыходу Пуціна, і ўвесь час паказвае, што яго нельга адсунуць убок», — мяркуе Паўлоўскі. Паводле яго, Кадыраў непапулярны «ўсюды, але ў сілавых структурах» асабліва. Пуцін баіцца вяртання чачэнскага падполля, і Кадыраў зрабіў гэта формай прыбытку.
Салавей кажа, што Шайгу быў фаварытам Пуціна, але больш такім не з’яўляецца. У кааліцыі «грамадзянскіх» фаварыт — Мішусцін.
Паўлоўскі мяркуе, што пасля Пуціна будзе нейкае калектыўнае кіраўніцтва.