Цяпер за ім цягаюць крэсла: Як змяніўся фізічны стан Лукашэнкі
Пагаршэнне фізічнай формы кіраўніка Беларусі прывяло да таго, што ён усё менш выбіраецца куды-небудзь з Палаца незалежнасці, піша «Салідарнасць».
Калі паглядзець фатаграфіі Аляксандра Лукашэнкі 2019 года, то цяжка паверыць, што яны былі зробленыя ўсяго пяць гадоў таму. На здымках-даволі маладжавы і падцягнуты палітык.
Добра прыкметна, што з тых часоў кіраўнік істотна пагрузнеў і пастарэў. Пра гэта можна меркаваць нават па адфоташопленым фотаздмках яго прэс-службы.
Раней падчас камандзіровак Лукашэнка адказваў на пытанні журналістаў дзяржСМІ выключна стоячы. Яшчэ некалькі гадоў таму нікому ў галаву не магла прыйсці думка, што фізічная форма кіраўніка настолькі пагоршыцца, што за ім трэба будзе цягаць стул, каб ён некалькі дзясяткаў хвілін мог пагутарыць з прапагандыстамі. Як гэта было днямі падчас яго візіту ў Ашмянскі раён.
Самі вылазкі Лукашэнкі за межы Мінска становяцца далёка не такія рэгулярныя. Раней ён мог за месяц наведаць не адзін раён. А ці шмат вы ўспомніце яго камандзіровак у рэгіёны за апошні час?
У студзені Лукашэнка з'ездзіў у Барысаўскі раён на «БелДжы» (гадзіна язды ад Мінска). Ну і ўсё — да камандзіроўкі ў Ашмянскі раён, дзе ён мерапрыемствы правёў практычна ў адным пункце. Афіцыйна пра паездкі ў рэгіёны не паведамлялася.
Ці ледзь не часцей цяпер Лукашэнка выбіраецца да Пуціна, ад запрашэнняў якога адмовіцца не можа.
Кіраўніку цяжка даюцца пералёты, але іншага выбару няма. За мяжой відэакамеры фіксуюць стомленага і кульгаючага палітыка, які фізічна не вытрымлівае тэмпу калегаў па постсавецкай прасторы.
У Беларусі ж Лукашэнка практычна не вылазіць з Палаца незалежнасці. Падлікаў не праводзілася, але, здаецца, 90% усіх афіцыйных мерапрыемстваў з удзелам кіраўніка праводзіцца там: сустрэчы і нарады з чыноўнікамі і сілавікамі, уручэнні дзяржаўных узнагарод і г. д.
Але нават з гэтым у яго працоўным тыдні ўсё больш дзірак: чым ён займаецца ў некаторыя дні — невядома.
Прэс-сакратар кіраўніка Наталля Эйсмант некалькі тыдняў таму нібы паспрабавала апраўдаць шэфа, заявіўшы: «Дарэчы, магу расказаць, што кіраўнік дзяржавы ў Мінскай вобласці, недалёка ад тых месцаў, дзе ён пражывае, ужо аб'ехаў палі сам, без прысутнасці СМІ. Ведаю дакладна, што ён праінспектаваў, паглядзеў стан глебы і гэтак далей».
Мабыць, трэба паверыць у тое, што калі ў працоўным графіку Лукашэнкі дзірка, то ён у гэты час блукае дзесьці па палях.
Набліжаны да кіраўніка тэлеграм-канал «Пул першага» запаўняе адсутнасць інфармацыі, як можа. Напрыклад, паведамленнямі пра тое, што ў Палацы незалежнасці «зацвілі лімоны» (універсальны варыянт — «лімоны спеюць»).
Два месяцы таму кіраўнік заявіў:
— Многія цяпер кажуць, не тое памірае Лукашэнка, не тое здароўе... Нармальнае здароўе. У бальніцу хуткай дапамогі, дзякуй богу, я не звяртаўся.
Мабыць, гэта рэдкі выпадак, калі яго словам можна паверыць. Напэўна, хуткую кіраўніку сапраўды яшчэ не выклікаюць. Але тое, што пагаршэнне фізічнай формы цяпер сур'ёзна ўплывае на яго паводзіны — відавочна.