Якаўлеўскі: Магчыма Лукашэнка сустракаецца з Турчынавым як разведчык Пуціна

Каментуючы сённяшнюю сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны, якая праходзіць у Ляскавічах — дзяржаўнай рэзидэнцыі ў Прыпяцкім нацыянальным парку на тэрыторыі Петрыкаўскага раёну, міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі сказаў Свабодзе:



raman_jakaulieuski.jpg

Раман Якаўлеўскі
«Я ня ўпэўнены, што гэта ёсьць самастойны крок з боку Лукашэнкі. Я не выключаю, што гэта Пуцін паслаў яго ў разьведку. Тут бачыцца мэта — прамацаць пульс сёньняшняга Кіева напярэдадні магчымай расейскай інтэрвэнцыі. Пра тое, што яна ня выключаная, кажа і амэрыканская разьведка, ды і іншыя крыніцы. Напрыклад, той жа Марчук, былы ўкраінскі прэм’ер, былы міністар абароны, першы кіраўнік Савету бясьпекі Украіны. Ён казаў, што ёсьць усе разьведпрыкметы таго, што Расея можа ў бліжэйшыя дні ўварвацца ва Ўкраіну».
  Карэспандэнт: «Магчыма, Турчынаў размаўляе з Лукашэнкам і пра тое, каб кіраўнік Беларусі стаў пасярэднікам паміж Масквой і Менскам? Наколькі гэта верагодна? Такія паслугі, дарэчы, раней прапаноўваў прэзыдэнт Казахстана».
 
«Назарбаеў тады інфармаваў аб гэтай сваёй магчымай ролі і Абаму, і Пуціна. А тыдзень таму прэзыдэнт Казахстана на форуме па ядзернай бясьпецы ў Гаазе правёў некалькі вельмі важных сустрэч з эўрапейскімі палітыкамі.
 
На маю думку, каб стаць сапраўдным міратворцам, абавязкова патрэбны давер да такой асобы ўсіх бакоў. І ў дадзеным выпадку гэта ня толькі Масква і Кіеў, а яшчэ і Захад. А пра які давер да кіраўніка беларускай дзяржавы можа ісьці гаворка на Захадзе?!».
 
Карэспандэнт: «Якія наступствы могуць быць ад сёньняшняй сустрэчы Лукашэнкі з Турчынавым?»
 
«Я, шчыра кажучы, баюся, каб зноў не адбылося нешта дрэннае. Глядзіце, Лукашэнка падчас мясцовых выбараў у Беларусі абазначыў сваю пазыцыю па Крыме. Што было далей? Кіеў адклікаў свайго амбасадара для кансультацый.
 
Лукашэнка дае інтэрвію Шустэру. Беларусь пры галасаваньні ў ААН падтрымала Расею, у той час як той жа Казахстан устрымаўся. Што далей — МЗС Украіны выказала шкадаваньне з такой пазыцыі афіцыйнага Менску. Цяпер я думаю, а што будзе далей пасьля сёньняшняй сустрэчы?».