Літоўскі МЗС: Трэба ўраўноўваць санкцыі для Расіі і Беларусі

Гэта дазволіць перакрыць каналы паступлення еўрапейскіх тавараў у Расію.

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц


Сёння ў Бруселі праходзіць пасяджэнне Савета па замежных справах пад старшынствам вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля. На павестцы дня — расійская агрэсія супраць Украіны і санкцыйная палітыка. Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што краіны ЕС вядуць перамовы аб увядзенні для Беларусі такіх жа санкцый, што ўведзеныя супраць Расіі, піша «Delfi». Гэта дапаможа закрыць транзіт еўрапейскіх тавараў праз Беларусь у Расію, і Літва падтрымлівае такія меры.

«Ёсць імкненне ўраўнаваць санкцыі [у дачыненні да Расіі і Беларусі]. Літва гэты працэс падтрымлівае, думаю, гэта справядліва. Мы можам убачыць тут пэўныя тэндэнцыі, магчымыя спробы абысці санкцыі з дапамогай пэўных выключэнняў, якія тычацца Беларусі. Калі санкцыі зраўнаць, гэта закрые шлях таварам праз Беларусь у Расію», — заявіў Ландсбергіс.


Але пакуль што не трэба чакаць такіх рэзкіх абмежаванняў, гаворка ідзе нават не пра 10-ты пакет санкцый. Паводле слоў Ландсбергіса, гэта праца на доўгую перспектыву.

«Звычайна мы не паведамляем [пра прынятыя рашэнні], пакуль перамовы не завяршыліся. Цяпер, шчыра кажучы, яны толькі пачаліся, учора ноччу абмяркоўвалі прадстаўленыя санкцыі. Магу толькі сказаць, што там ёсць прозвішчы канкрэтных асоб, ёсць некаторыя сектарныя санкцыі, але не трэба спадзявацца на сур'ёзныя крокі, таму што, як мы бачым, працэс становіцца ўсё больш складаным. Але, нягледзячы на гэта, мы пастаянна прасоўваем гэта наперад», — падкрэсліў кіраўнік літоўскага МЗС.

Нагадаем, некалькі дзён таму ЗША абвясцілі, што ўводзяць новы пакет санкцый супраць Беларусі. У анансаваным спісе, які пакуль яшчэ не апублікаваны, заяўлена 25 прозвішчаў чыноўнікаў, якія спрычыніліся да прыняцця рэпрэсіўных законаў. Свае санкцыі рыхтуе і Еўрасаюз, які не ўключыў Беларусь у апошні санкцыйны спіс. Як паведаміў карэспандэнт «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк, гэта было зроблена на просьбу Украіны.


Беларускія чыноўнікі працягваюць заяўляць, што санкцыі не працуюць і робяць горш толькі самім еўрапейцам. Між тым, агульны абарот тавараў і паслуг у знешнім гандлі за студзень-лістапад 2022 года знізіўся на 6,2%, экспарт тавараў і паслуг упаў на 5,1%, а імпарт — на 7,3%. Інфляцыя па выніках мінулага года склала 12,8%.