У мінулым годзе ў Беларусі з'явілася прадстаўніцтва толькі адной кампаніі з ЕС

Колькасць новазарэгістраваных структур аказалася болей чым у тры разы меншай, чым тых, што закрыліся. Пры гэтым 75% «навічкоў» — офісы расійскіх кампаній і ўстаноў.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Усяго, як падлічыў Office Life, на працягу мінулага года мінскімі і абласнымі ўладамі замежнікам былі выдадзены дазволы на адкрыццё 29 прадстаўніцтваў. Большасць з іх для прапіскі выбрала Мінск і Мінскі раён. Адно прадстаўніцтва з'явілася ў Магілёўскай вобласці.
Пераважная большасць новых офісаў створана або непасрэдна расійскімі кампаніямі, або з'яўляецца «дочкамі» беларускіх бізнесаў, якія працуюць у Расіі. Сустракаюцца таксама міжнародныя кампаніі, лакалізаваныя на расійскім рынку. Адна з такіх — гэта «Кока-Кола Софт Дрынк Кансалтынг», падраздзяленне The Coca-Cola Company, якое атрымала дазвол адкрыць офіс у Мінску вясной 2022 года.
У нерасійскім пераліку толькі адна кампанія, якая прадстаўляе краіну Еўразвяза, — эстонская MedS&P. Акрамя таго, брытанская фірма Crown Hides атрымала дазвол на прапіску ў Гатава. Таксама прадстаўніцтвы ў нас адкрылі ці могуць адкрыць кампаніі з Казахстана, Кітая, Кыргызстана і Ізраіля.
Сярод 95 кампаній, якія закрылі ў мінулым годзе свае прадстаўніцтвы і бізнесы на тэрыторыі Беларусі, дастаткова шмат вядомых структур. Гэта, напрыклад, IKEA Supply, SC Johnson, Colgate-Palmolive.
Структуры з краін Еўрасаюза, ЗША, Японіі з'яўляюцца ўладальнікамі многіх прыкладна з 30 расійскіх кампаній, якія закрылі свае беларускія офісы. Сярод іх, напрыклад, Hitachi Energy, Electrolux, SSAB.
Па рашэнні ўласнікаў закрыліся практычна ўсе прадстаўніцтвы ўкраінскіх кампаній, 12 літоўскіх, 6 нямецкіх, па 5 латвійскіх і польскіх устаноў — усяго бізнесы са звыш 20 краін.