Лукашэнку насцярожваюць паводзіны Расіі

Аляксандр Лукашэнка чакае выразнасці ад Расіі адносна Беларусі. Пра гэта ён заявіў сёння на пасяджэнні Савета бяспекі.



126592.jpg

"Паводзіны сёння нашага ўсходняга роднага брата не могуць не насцярожваць. Але мы пакуль не робім з гэтага высноў, я ў тым ліку, да размовы з прэзідэнтам Расіі, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Я хачу ўсё-такі высветліць: навошта патрэбная такая палітыка Расійскай Федэрацыі адносна Беларусі. <…> Мы не драматызуем сітуацыю, яшчэ раз падкрэсліваю. Мы проста хочам выразнасці". 


"Мы з вамі калісьці канстатавалі, што галоўныя пагрозы для нашай краіны тояцца ў эканоміцы, іншай нейкай пагрозы, у тым ліку з боку няўрадавых арганізацый, нейкай радыкальнай апазіцыі, яшчэ чагосьці, няма і быць не можа. Больш-менш улады яшчэ адпавядаюць інтарэсам народа. Нягледзячы на тое што ў нас некаторыя крылы апусцілі і перасталі працаваць, народ трывае гэтую ўладу", — заявіў Лукашэнка. 


Ён заўважыў, што для любой дзяржавы эканоміка, асабліва арыентаваная на экспарт, — вельмі небяспечны кірунак удару. 


Як паведамлялася раней, пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі плануецца правесці да канца снежня. "Дата яшчэ не вызначаная, але мы гатовы ўжо, і парадак дня вызначаны", — заявіў 15 снежня журналістам у Мінску дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.
БелаПАН