Прадпрыемствы краіны падводзяць вынікі «мясной вайны» з РФ
Амаль трохтыднёвая блакада беларускіх прадуктаў не прайшла бясследна.
Яшчэ ў сераду прадстаўнік нашай краіны ў ЕЭК Сяргей Румас заявіў, што з 11 снежня беларускія прадпрыемствы будуць адчыняцца паводле паскоранай праграмы. У чацвер стала вядома, што Віцебская
птушкафабрыка, а таксама Гарадзенскі і Жлобінскі мясакамбінаты змогуць пастаўляць сваю прадукцыю ў Расію. Амаль тры тыдні таму гэтыя прадпрыемствы патрапілі пад забарону Рассельгаснагляду.
У пятніцу губернатар Берасцейскай вобласці Канстанцін Сумар заявіў, што камісія Рассельгаснагляду не знайшла парушэнняў на Берасцейскам і Бярозаўскім мясакамбінатах. Са слоў Сумара,
Рассельгаснагляд наадварот, адзначыў добрую якасць берасцейскіх прадуктаў. Пытанне з адкрыццём гэтых мясакамбінатаў будзе вырашацца цягам тыдня.
А на адкрытых прадпрыемствах ужо пачынаюць адгрузку прадукцыі. Праўда, прызнаюцца, што сітуацыя цяжкая.
— На шчасце, большасць кліентаў мы захавалі. Да 25 лістапада адгружалі замарожаную прадукцыю, таму ўсе нашы кліенты былі з прадукцыяй, — распавяла намесніца дырэктара ў
камерцыйных пытаннях «Віцебскай бройлернай фабрыкі» Надзея Журко. — Прыбытак, вядома, мы недаатрымалі. Сітуацыя цяпер складаная. Птушку адпраўляем па сабекошце, каб не
губляць кліентаў і не загрувашчваць склады. Але, думаю, за снежань вынік нашай працы будзе станоўчым.
Зняцце забароны з аднаго боку парадавала мясакамбінаты, а з другога з'явіліся свае складанасці.
— Мы страцілі частку нашых кліентаў, — распавяла крыніца на адным з мясакамбінатаў. — Больш за тое, цяпер у Расіі кошты на мяса ніжэй за нашыя праз падзенне курсу
рубля. Розніца паміж коштамі можа складаць 30 расійскіх рублёў. А гэта амаль 20 адсоткаў. Таму многія кліенты пераходзяць на расійскую сыравіну. Больш за тое, мы губляем грошы і на розніцы курсаў.
Расійскі рубель падае ледзь не кожны дзень.
Нагадаем, у чацвер Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі Гарадзенскаму мясакамбінату. Расійскія спецыялісты выявілі ў варанай каўбасе гэтага прадпрыемства геном АЧС. Раней ведамства забараніла
ўвозіць у Расію прадукцыю Аршанскага мясакамбіната. Такім чынам, на пятніцу 12 снежня, пад забаронай у Расіі застаецца 21 беларускае прадпрыемства.
kp.by