Макей: Курапаты павінны быць добраўпарадкаваны, але рабіць там усё трэба акуратна, па-чалавечы
У МЗС Беларусі лічаць, што Курапаты павінны быць добраўпарадкаваным мемарыялам. Але добраўпарадкоўваць трэба «акуратна, па-чалавечы». Пра гэта журналістам заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.
Нагадаем, раніцай 4 красавіка супрацоўнікі Бараўлянскага лясгаса пачалі зносіць і вывозіць крыжы ў Курапатах. Гэта 70 крыжоў, якія Зміцер Дашкевіч ўсталяваў летам разам з іншымі актывістамі уздоўж лесу.
Як распавялі TUT.BY тры не звязаных паміж сабой крыніцы, пасля зносу крыжоў МЗС Беларусі правёў сустрэчу з еўрапейскімі дыпламатамі, каб патлумачыць сітуацыю з Курапатамі.
Сустрэча, паводле слоў Уладзіміра Макея, праходзіла па ініцыятыве МЗС, які «палічыў неабходным запрасіць дыпламатаў, каб патлумачыць ім некаторыя моманты, каб не ўзнікала нейкіх непатрэбных здагадак ці няправільных асацыяцый».
- Зразумела, што шмат людзей у грамадстве, у кожнага сваё меркаванне. І па-рознаму мы глядзім на падзеі, што адбываюцца ў нас у краіне і за мяжой. Але важна знаходзіць пункты судакранання, а не старацца і далей паглыбляць гэтую канфрантацыю, - сказаў Макей.
Па словах міністра, дыпламатам на сустрэчы «давялі афіцыйную пазіцыю».
- Курапаты павінны быць мемарыялам, мемарыял павінен быць добраўпарадкаваны. І мне здаецца, з пункту гледжання нармальнай, агульначалавечай логікі зусім апраўдана, каб гэта было месца, куды маглі б прыйсці, хто хоча, пакланіцца, аддаць даніну памяці тым, хто там быў расстраляны і хто там пахаваны. Што тычыцца пытанняў добраўпарадкавання, любы чалавек падтрымае гэта. Мы давялі амбасадарам, акрэдытаваным у Беларусі, пазіцыю ўрада краіны, - лічыць кіраўнік МЗС.
- Але ці павінна добраўпарадкаванне ўключаць у сябе знос крыжоў, якія былі ўсталяваныя за народныя грошы?
- У нас ёсць адпаведнае заканадаўства аб захаванасці помнікаў і памятных месцаў, трэба глядзець, ці было выканана заканадаўства пры ўсталёўцы тых ці іншых збудаванняў. Вядома, паступаць трэба акуратна, па-чалавечы. Але тут, я лічу, з пункту гледжання надання гэтаму месца такой значнасці, сапраўднага народнага мемарыяла, трэба зрабіць усё, каб гэта месца было агароджана з усіх бакоў, каб людзі маглі зайсці ўнутр, памаліцца, - сказаў Уладзімір Макей.