Макей: Прадстаўнікі апазіцыі ідуць да выбараў з зусім іншымі настроямі

Да прэзідэнцкіх выбараў многія прадстаўнікі беларускай апазіцыі ідуць з зусім іншымі настроямі, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю газеце "Вашынгтон пост".



makiej.jpg

Інтэрв'ю было дадзенае 19 мая і 26-га — апублікаванае на сайце газеты. Сёння яго размясціў сайт беларускага МЗС. 


Паводле слоў Макея, прадстаўнікі беларускай апазіцыі, з якімі ён размаўляў, бачаць розніцу паміж мінулымі і цяперашнімі выбарамі. "Зараз, у кантэксце ўкраінскага крызісу, вельмі многія змянілі сваё меркаванне наконт палітыкі кіраўніцтва Беларусі. І нават шэраг апазіцыйных палітыкаў, — зазначыў ён. — Я ведаю дастаткова многіх прадстаўнікоў апазіцыі і размаўляю з імі. Там ёсць і дастаткова разумныя людзі, але ёсць і, я б сказаў так, радыкалы, якія зусім не падобныя на дэмакратаў. Ведаеце, можна па-рознаму ставіцца да палітыкі цяперашняй улады ў Беларусі, да прэзідэнта Лукашэнкі, але тое, што краіна захавала сваю незалежнасць і суверэнітэт, — гэта заслуга, у першую чаргу, цяперашняга кіраўніцтва Беларусі і, вядома ж, прэзідэнта Лукашэнкі". Гэты факт прызнаюць у тым ліку і прадстаўнікі апазіцыі, мяркуе міністр. 


На пытанне, якія асабіста яго чаканні ад выбараў, што маюць адбыцца, у параўнанні з мінулымі, 2010 года, і ці будзе магчымасць у іншых кандыдатаў у прэзідэнты нармальна правесці выбарчую кампанію, Макей адказаў: "Я думаю, вы памятаеце мінулыя выбары, калі зарэгістраваныя былі столькі кандыдатаў, колькі выказалі жаданне. Паверце, мы і гэтыя выбары будзем праводзіць у адпаведнасці з нашымі абавязацельствамі ў межах АБСЕ, міжнароднымі абавязацельствамі, але і ў адпаведнасці з нашым нацыянальным заканадаўствам. Мы маем намер правесці гэтыя выбары транспарэнтна, празрыста, як гэта і павінна быць"


"Калі закрануць коратка папярэднія выбары, то прэтэнзіі ж былі выстаўленыя не да вынікаў выбараў, а да таго, што здарылася пасля выбараў, — заўважыў Макей. — І атрымалася розная трактоўка гэтых падзей нашымі еўрапейскімі партнёрамі і тут, у Беларусі. У любым выпадку, у любой краіне дзеянні тых людзей, якія спрабуюць прарвацца ва ўрадавыя будынкі, павінны быць ацэненыя згодна з існымі у дзяржаве законамі".


На рэмарку журналіста аб рэзкім пагаршэнні адносінаў Беларусі з Захадам пасля таго, як некалькі кандыдатаў у прэзідэнты апынуліся пасля мінулых выбараў у турме, кіраўнік МЗС выказаў надзею на тое, што "такога не адбудзецца і не павінна адбыцца". 


"Яшчэ раз паўтаруся: у любой краіне ёсць заканадаўства, якое павінна выконвацца. Калі грамадзяне гэтай краіны парушаюць гэтае заканадаўства, то яны падлягаюць пакаранню ў адпаведнасці з гэтым заканадаўствам. Зноў жа, пра мінулыя выбары можна гаварыць усё, што хочаце. Але калі тыя ж самыя кандыдаты не былі зацікаўленыя ў атрыманні галасоў выбаршчыкаў, а заклікалі толькі ісці "на плошчу! на плошчу! на плошчу!"… Гэта гаворыць пра тое, што яны з самага пачатку не разлічвалі на нейкія пазітыўныя вынікі для сябе, а настройваліся выключна на гвалтоўны характар дзеянняў. Спадзяюся, сёлета такога не здарыцца", — сказаў Макей. 


"У цяперашняй сітуацыі мы цудоўна разумеем, што нармальныя адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі, якія з'яўляюцца дзяржавай № 1 і будуць доўга заставацца дзяржавай № 1 у свеце, для нас вельмі важныя, нармальныя адносіны з Еўрасаюзам для нас вельмі важныя. І выбары ў гэтым плане адыгрываюць не апошнюю ролю", — зазначыў кіраўнік МЗС. 


Паводле яго слоў, у Беларусі не хочуць, каб "гэтыя выбары зноў праходзілі паводле прынцыпу нейкай цыклічнасці: да выбараў у нас добрыя адносіны, а пасля выбараў — зноў дрэнныя адносіны". "Мы маем намер правесці гэтыя выбары ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, з міжнароднымі абавязацельствамі і хацелі б, каб гэтыя выбары прывялі да далейшага паляпшэння нашых адносінаў з нашымі знешнімі партнёрамі", — падкрэсліў Макей.


Кіраўнік МЗС выказаў упэўненасць у тым, што Цэнтрвыбаркам запросіць на выбары назіральнікаў ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, а таксама паведаміў пра падрыхтоўку візіту ў Беларусь прадстаўнікоў гэтай арганізацыі, які адбудзецца ў хуткім часе.
БелаПАН