СМІ: Захад пакуль не будзе адключаць Расію ад міжнароднай сістэмы SWIFT
ЗША і іх еўрапейскія саюзнікі пакуль адмаўляюць магчымасць адключэння Расіі ад міжнароднай аплатнай сістэмы SWIFT, паколькі гэта будзе суправаджацца значнымі стратамі, паведамляе www.unian.net.
Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на чыноўнікаў, знаёмых з пытаннем, перадае Еўрапейская праўда.
Нягледзячы на сігналы з боку некаторых заходніх лідараў, як адзначае выданне, урады ЗША і ЕС пакуль не разглядаюць магчымасць адключэння ад банкаўскай сістэмы як сродак павышэння ціску на РФ, звяртаючыся да іншых мераў, паколькі такое адключэнне прывядзе да сур'ёзных стратаў кампаній, якія гандлююць з Расіяй.
"Тыя, хто кажа аб адключэнні ад SWIFT як магчымай санкцыі, павінны быць праінфармаваныя аб шыраце і глыбіні наступстваў такога рашэння", — цытуе Bloomberg прафесара Стэнфардскага ўніверсітэта Дарэла Дуфі.
Адключэнне ад банкаўскай сістэмы нават не згадвалася падчас падрыхтоўкі санкцый летам мінулага года, і такая пазіцыя і далей працягвае кіраваць дзеяннямі ЕС. Прадстаўнік Еўрасаюза, які папрасіў аб ананімнасці, не стаў паведамляць пра тое, ці быў такі варыянт сярод тых, якія ў ЕС напрацоўвалі ў апошні час.
Зараз, паводле яго словаў, ЗША разглядаюць паглыбленне санкцый супраць расійскіх фінансавых, энергетычных і абаронных кампаній, накладанне абмежавальных мер у дачыненні да іншых сектараў эканомікі.
Як інструмент знешнепалітычнага ціску, адключэнне ад SWIFT выкарыстоўвалася ў 2012 годзе, калі ЕС уключыў яго ў пакет санкцый супраць Ірана, забараніўшы сістэме абслугоўваць іранскія банкі, каб прымусіць Іран адмовіцца ад распрацовак ядзернай зброі.
У Расіі паабяцалі адказаць на пагрозы адключэння ад SWIFT. У прыватнасці, кіраўнік ураду РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што рэакцыя будзе "без абмежаванняў".