Старшыню «Моладзі БНФ» Юрася Лукашэвіча выключаюць з БДУ

Звязаныя з вучобай праблемы ў першакурсніка гістарычнага факультэту БДУ Юрася Лукашэвіча ўпершыню з'явіліся пасля інтэрвію, дадзенае Радыё Свабода. Апошняй кропкай стаў пратакол за ўдзел у абароне Курапатаў.

Юрась Лукашэвіч

Юрась Лукашэвіч

«Пасля першай сэсіі ў мяне застаўся „хвост“, была пераздача лацінскай мовы. Стварылі камісію, я здаваў іспыт не на сваім факультэце, а на філалагічным. Пераздаў, атрымаў адзнаку, і сэсія была закрытая. Акурат перад гэтым я даў інтэрвію Свабодзе, дзе расказаў пра сваю палітычную дзейнасць у „Моладзі БНФ“. Тады намесніца дэкана Лілія Бярэйшык стала звяртаць на мяне ўвагу, казала, што я атрымліваю замежныя гранты, раздаю шмат інтэрвію», — сказаў Лукашэвіч.

Пасля таго, як першая сэсія была паспяхова здадзеная, актывіст вырашыў узяць акадэмічны адпачынак — былі праблемы ў сям’і, універсытэт не даў інтэрнату, не было магчымасці ў час заплаціць за навучанне і здымную кватэру. Хлопец падаў заяву пра «акадэмку», але, не дачакаўшыся адказу, даведаўся, што мае ажно дзве вымовы: адну за пропускі, другую на падставе пратаколу з міліцыі за ўдзел у абароне Курапатаў.

Аб пратаколе на факультэт паведаміла міліцыя. Ён быў складзены 23 лютага паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КоАП («Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў»). У ноч на 23 лютага адбыўся напад на лагер абаронцаў Курапатаў, Лукашэвіч знаходзіўся сярод іх. Пратакол склалі ў міліцыі, калі хлопец пісаў заяву аб нападзе. Не чакаючы суду, адміністрацыя факультэту вырашыла пакараць Лукашэвіча, аб’явіўшы вымову.

Юрась Лукашэвіч (зьлева) у лагеры абаронцаў Курапатаў 25 лютага 2017 году

Юрась Лукашэвіч (зьлева) у лагеры абаронцаў Курапатаў 25 лютага 2017 году

З ініцыятывы намесніцы дэкана Ліліі Бярэйшык была скліканая педнарада, на якой, апроч яе, прысутнічалі прадстаўнікі БРСМ ды іншых саюзаў універсітэту, а таксама куратар Лукашэвіча.

«На педнарадзе зачыталі вытрымкі з пратаколу, які быў на мяне складзены за абарону Курапатаў. Пасля на падставе гэтага пратаколу і прапушчаных заняткаў мне аб’явілі вымову. На гэтым жа паседжанні я даведаўся, што ў мяне, аказваецца, ёсць яшчэ адно адміністрацыйнае спагнанне — пісьмовая заўвага, датаваная кастрычнікам 2016 году. Раней я пра гэта нічога не ведаў. У кастрычніку сапраўды была сітуацыя, што я прапусціў некалькі гадзін, але я пісаў тлумачальную запіску і пытанне нібыта было вырашана».

20 сакавіка Лукашэвіча выклікала да дэкана і аб’явілі, што «рыхтуюцца дакументы для яго адлічэння».

Юрась Лукашэвіч на ганку гістфаку БДУ

Юрась Лукашэвіч на ганку гістфаку БДУ

«Я згодны, што былі пропускі заняткаў у лютым і сакавіку, калі я пераздаваў лацінскую мову, таму адну вымову я, напэўна, заслужыў. Але другую вымову далі беспадстаўна. Яна грунтуецца на тым, што ёсць паведамленне з міліцыі, што я ўчыніў дзеянне, за якое можа быць адміністрацыйнае пакаранне (удзельнічаў у абароне Курапатаў). Але ж суду не было. Можа, на ім бы я даказаў сваю невінаватасць. Ды і ўвогуле, смешна і сумна: студэнта спэцыяльнасці «Музейная справа і ахова культурнай спадчыны» караюць за ахову Курапатаў.

Намесніца дэкана гістарычнага факультэту БДУ Лілія Бярэйшык пацьвердзіла, што адміністрацыя разглядала дакумент з міліцыі пра ўдзел Юрася Лукашэвіча ў абароне Курапатаў і прыйшла да высновы, што яго трэба адлічыць. Яна дадала, аднак, што вырашальную ролю тут адыграла не папера з міліцыі, а пропускі Лукашэвічам заняткаў і неўнясенне платы за навучанне своечасова:

«Паведамленне з міліцыі пра ягоны ўдзел у мерапрыемстве каля Курапатаў мае тут другаснае значэнне. Найперш мы кіруемся тым, што ў яго шмат пропускаў заняткаў. Ён прынёс мэдыцынскую даведку, але яна не закрывае ўсіх праблемаў з пропускамі. З міліцыі прыйшоў ліст пра тое, што ён учыніў дзеянне, за якое можа быць адміністрацыйнае пакаранне. З улікам гэтых фактараў мы разгледзелі на прафілактычнай нарадзе справу Юрася і прыйшлі да высновы, што ў нас няма падставы ня верыць афіцыйнаму дакументу з міліцыі. Мы разгледзелі гэты дакумент і вырашылі, што з улікам пропускаў і адсутнасці аплаты за навучанне такі крок будзе тут дарэчным. Нават калі суд разгледзіць пратакол за ўдзел у мерапрыемстве каля Курапатаў і зробіць выснову, што Лукашэвіч не вінаваты, у яго шмат пропускаў. Гэта тут галоўная праблема».

Юрась Лукашэвіч на Нямізе збірае подпісы супраць вучэнняў «Захад-2017»

Юрась Лукашэвіч на Нямізе збірае подпісы супраць вучэнняў «Захад-2017»

Бярэйшык дадала, што ніколі не рабіла заўваг Лукашэвічу наконт ягонай палітычнай актыўнасьці і інтэрвію, якія ён даваў незалежным мэдыя. Выкладчыкі яго характарызуюць як здольнага студэнта, які мае высокі патэнцыял.

Таксама яна патлумачыла, што Лукашэвіч пасля адлічэння можа паспрабаваць аднавіцца праз год.

Паводле Радыё Свабода