Тыповы нетыповы Шлях

Да «Чарнобыльскага шляху» застаецца два дні, і ягоныя арганізатары ў апошні раз вырашылі папярэдзіць міліцыю пра недапушчальнасць правакацый. Нягледзячы на тое, што гэты мітынг і шэсце арганізаваныя Мінгарвыканкамам (бо ён фактычна прызначыў час і маршрут акцыі), арганізатары заяўляюць: да магчымых правакацыяў яны дачыненняў мець не будуць. Так што, калі Мінгарвыканкам гэтую акцыю арганізаваў, то правакаваць яе ўдзельнікаў, калі такое здарыцца, будуць улады.



szlach.jpg

Адна з заяўнікаў акцыі, эколаг Таццяна Новікава нагадала, што першапачаткова арганізатары планавалі шэсце ў Курапаты. Але, згодна рашэнню Мінгарвыканкама, збор удзельнікаў акцыі адбудзецца ў 16 гадзінаў каля кінатэатру «Кастрычнік», адкуль яны рушаць у парк Дружбы народаў, дзе ў 17.30 пачнецца мітынг, які павінен скончыцца напрацягу гадзіны.

Новікава, дарэчы, на 18 гадзінаў падавала заяўку на антыядзерны пікет у гэтым месцы. Мінгарвыканкам у правядзенні гэтага пікета ёй адмовіў. «Адмова — выключна дзіўная. Мне было адмоўлена ў правядзенні акцыі на той падставе, што на гэты час у гэтым месцы запланавана масавае мерапрыемства, заяўленае іншымі грамадзянамі. Але грамадзяне ніякай плошчы Бангалор не заяўлялі. Заяўлялася шэсце ад Акадэміі навук у Курапаты, і не ў гэты час, а значна раней. Акцыю на Бангалоры ў гэты час арганізаваў Мінгарвыканкам. Таму маглі б выдумаць прычыну адмовы больш творча», — адзначыла Новікава.

Такім чынам, мітынг на плошчы Бангалор пасля «Чарнобыльскага шляху» не зацягнецца за кошт антыядзернага пікета. І людзям будзе час прапйсці да Чарнобыльскай капліцы на Карастаянава.

Нягледзячы на традыцыйны маршрут, сёлета «Чарнобыльскі шлях» з боку арганізатараў выглядае даволі дзіўна, адзначыў прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка. «Увесь час Шлях арганізоўвалі палітычныя сілы, пры гэтым акцэнтуючы і прасоўваючы яго, як непалітычнае мерапрыества. Сёлета да арганізацыі традыцыйнай акцыі далучыліся эколагі, і асноўную частку працы робяць яны. Тым не менш, палітычныя патрабаванні і лозунгі зараз гучаць больш акцэнтавана», — адзначыў Арэшка.

У гэтым няма нічога дзіўнага, думае Арэшка. Бо сістэма ўлады ў Беларусі пабудаваная такім чынам, што без палітычнай змены ўлады немагчымы прагрэс і ў экалагічнай сферы. Гэта менавіта ўлада замоўчвае наступствы Чарнобыля, будуе атамную станцыю, не абмяркоўваючы такое будаўніцтва л людзьмі і не прыслухоўваючыся да іх, прымае рашэнне аб размяшчэнні расійскіх самалётаў, патэнцыйна здольных несці ядзерную зброю… Таму і пытанні экалогіі — перш за ўсё пытанні палітычныя.

Сацыял-дэмакрат Анатоль Сідарэвіч адзначыў, што Шлях будзе таксама мець і антымілітрарысцкую скіраванасць. «Экалагічныя праблемы — гэта не ўнутраныя праблемы, а міжнародныя. І таму аматары бразгання зброяй могуць стварыць праблемы для ўсяго рэгіёна. Калі будуць нейкія щзброеныя канфлікты ва Украіне, то там шмат ядзерных аб’ектаў, якія, у выпадку пашкоджання, нанясуць страту ўсім, і Беларусі таксама», — адзначыў Сідарэвіч.

І праблема не толькі ў тым, што нешта можа адбыцца ва Украіне. Авіяцыйнае і ракетнае паліва, якое раптам ўзнікае на тэрыторыі расійскай авіябазы, забруджвае тэрыторыю не горш за радыёнукліды. Потым гэтая зона не прыдатная для гаспадарчай дзейнасці. «Напрыклад, усе тыя месцы, дзе раней стаяла ядзерная зброя, перададзеныя ў ведамства лясной гаспадаркі. То бок, вырошчваць прадукцыю там нельга», — адзначыў Сідарэвіч.

«Мы мірныя людзі», — увесь час падкрэслівалі ініцыятары акцыі. Па словах Новікавай, арганізатары «Чарнобыльскага шляху» будуць дзейнічаць выключна ў межах закону. «Мы пагадзіліся з рашэннем Мінгарвыканкаму на час і маршрут шэсця, мы не збіраемся праводзіцьзабаронены пікет на Бангалоры. Увогуле, эколагі — народ законапаслухмяны. Мы ніколі не праводзілі недазволеных мерапрыемстваў. Таму ўсе магчымыя правакацыі будуць не з нашага боку. Мы пра гэта папярэджваем тых, хто з правакацыяў і арыштаў пад час акцыі мае грошы ў выглядзе прэмій і павышэнняў», — адзначыла Новікава, яўна маючы на ўвазе міліцыю.

А Анатоль Сідарэвіч ізноўку адзначыў: усе правакацыі на такіх мерапрыемствах, як Дзень Волі, «Чарнобыльскі Шлях» альбо «Дзяды» збольшага ўчыняюцца пераапранутымі супрацоўнікамі міліцыі: курсантамі альбо малодшым афіцэрскім складам. І заклікаў іх устрымацца ад такой дзейнасці.

Са свайго боку, Таццяна Новікава кажа, што ўсё будзе добра і мірна. «Нас увесь час папярэджваюць аб правакацыях з розных бакоў. Але трэба ставіцца да гэтага адпаведна рэаліям: нас проста запужваюць. І не трэба запалохвацца, і запалохваць патэнцыйных удзельнікаў акцыі», — адзначыла яна.

Тым не менш, трэба і «быць пільнымі». Бо напярэдадні акцыі, на іншай падставе, але быў затрыманы адзін з былых яе заяўнікаў — Ілля Дабратвор, які атрымаў 10 сутак арышту. Яго спынілі за тое, што нібыта ягоная машына «скрадзеная», а асудзілі за непадпарадкаванне міліцыі і дробнае хуліганства.