Валерый Карбалевіч пра інтэрв'ю Лукашэнкі ВВС: Я не памятаю яго такім злым, агрэсіўным, нервовым

Інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу BBC выклікала вялікі ажыятаж і супярэчлівыя ацэнкі.

1510130566_d938b24b41794848dcaf3b0f36e7aacb.jpg

— Чаму Лукашэнка ахвотна дае інтэрв'ю заходнім медыя? — піша палітолаг Валерый Карбалевіч у сваёй аўтарскай калонцы на «Свабодзе». — Відавочна, ён разлічвае атрымаць палітычныя дывідэнды. І дзеля ўздзеяння на беларускую аўдыторыю, асабліва на сваіх прыхільнікаў. І, як ні дзіўна, ён разлічвае на пазітыўны эфект сярод заходняй публікі, якая не ведае аргументаў афіцыйнага Мінска.

Справа ў тым, што Лукашэнка лічыць сябе выбітным палемістам, здольным перагуляць, перамагчы ў спрэчцы, заткнуць за пояс любога апанента. Але яго палемічныя здольнасці працуюць пры пэўных умовах. Па-першае, гэта павінен быць жанр чыстага інтэрв'ю, калі журналіст толькі задае пытанні, няхай сабе і вострыя, але не можа ўступіць у палеміку, нешта аспрэчыць. Такая схема дае магчымасць Лукашэнку выкарыстоўваць любыя дэмагагічныя прыёмы без усялякіх абмежаванняў.

Па-другое, гэта працуе пры ўмове манаполіі дзяржавы на СМІ. Калі ніхто не можа потым выкрыць, паказаць, дзе Лукашэнка кажа няпраўду.

Інтэрв'ю Лукашэнкі тэлеканалу BBC стала ў гэтым сэнсе яскравым прыкладам таго, што бывае, калі гэтых умоў няма. Журналіст Стыў Розенберг паказаў узор таго, як можна супрацьстаяць дэмагагічнаму стылю суразмоўцы. Ён быў добра падрыхтаваны, валодаў фактамі, аказаўся не слабейшым палемістам, чым яго апанент. Прычым, каб аспрэчваць Лукашэнку, яму не спатрэбіліся доўгія маналогі. Кароткімі, але вострымі пытаннямі, рэплікамі ён збіў увесь імпэт Лукашэнкі.

І BBC паказала інтэрв'ю раней, чым БТ, яго маглі пабачыць многія беларусы. І тым самым задало парадак дня, стварыла адпаведнае інфармацыйнае поле. Паказам наўздагон свайго варыянта інтэрв'ю БТ наўрад ці пераламала атрыманы эфект.

Галоўнай прыкметай таго, што інтэрв'ю не выходзіць, сталі паводзіны Лукашэнкі. Я не памятаю яго такім злым, агрэсіўным, нервовым. Не дапамаглі стандартныя хатнія нарыхтоўкі, якія ён звычайна выкарыстоўвае. Лукашэнка настолькі быў выведзены з сябе, што пагражаў спыніць інтэрв'ю, калі журналіст будзе сябе так паводзіць. Нават на нявіннае пытанне пра беларуска-расійскую інтэграцыю чамусьці адказваў вельмі агрэсіўна. Бо так і не змог вярнуцца ў нармальны стан. І гэта зрабіла вельмі дрэннае ўражанне на незаангажавных гледачоў, асабліва на Захадзе.

Можна было лёгка прагназаваць, што пакажа БТ. Галоўны спосаб дасягнення патрэбнага выніку — гэта выкінуць з інтэрв'ю журналіста. Што, фактычна, і зрабілі бэтэшныя прапагандысты. У варыянце БТ застаўся ў асноўным адзін Лукашэнка. Але нават у такім рэдукаваным варыянце схаваць злосць і агрэсію не вельмі атрымалася.

Падаецца, што пасля гэтага канфузу сам Лукашэнка і яго прапагандысцкая абслуга будуць моцна думаць, перш чым даваць згоду на інтэрв'ю заходнім медыя.