Святлана Ціханоўская паразмаўляла па тэлефоне з Ангелай Меркель

Лідарка беларускай апазіцыі і канцлер Германіі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і міграцыйны крызіс на мяжы.

55179673_303.jpg

Меркель пачала размову са слоў: «Гэта добрая магчымасць пагаварыць, таму што вы былі не вельмі задаволеныя маёй размовай з Лукашэнкам».

Паводле афіцыйнага паведамлення на сайце нямецкага канцлера, Меркель адзначыла падтрымку Германіі беларускаму дэмакратычнаму руху і падкрэсліла, што палітычнае кіраўніцтва Беларусі павінна спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі і незалежных журналістаў, вызваліць зняволеных і ўступіць у дыялог з грамадствам, каб пераадолець крызіс шляхам справядлівых і свабодных новых выбараў.

Нагадаем, Ангела Меркель 15 лістапада правяла тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам па пытаннях міграцыйнага крызісу.

Ціханоўская тады сказала: «Дыялог за спінамі беларусаў непрымальны. Гэта ніякім чынам не вырашыць ніводны з канфліктаў. Толькі поўная змена палітычнай сітуацыі ў краіне прывядзе да паслядоўна станоўчых вынікаў».

Паводле «Нашай Нівы».