Стагоддзі ўніз па рацэ
Мясцовасць паміж Гарадзішчанскім возерам і Ясельдай была заселена яшчэ восем тысяч гадоў таму.
Выбар адрасоў для адпачынку сёння вялікі. Але ёсць і тыя, каму не патрэбен бераг турэцкі і Афрыка таксама не патрэбна. Каманда катамарана «Надзея» з Брэста аддае перавагу адпачынку ўнутры краіны. Карэспандэнт "Зялёнага партала", які апынуўся на борце, распавёў пра падарожжа.
Вялікі заплыў
Складана адшукаць на карце нашай краіны раку ці возера, водную роўнядзь якіх не рэзалi б самаробныя надзіманыя паплаўкі берасцейцаў. Гэтым летам экіпаж прагаласаваў за раку Ясельду — добра знаёмы камандзе па мінулым паходзе, але не вывучаны да самага канца шматок некранутага цывілізацыяй Палесся. Шлях карабелаў ляжыць ад багатага рыбай возера Гарадзiшчанскае ў Пінскім раёне да гідравузла «Качановічы» на рацэ Прыпяць. А прамежкавы прыпынак і начлег — у самай архаічнай сёння на Брэстчыне вёсцы Кудрычы, якую краязнаўцы і турысты нярэдка называюць музеем пад адкрытым небам.
Палессе — дзіўны і поўны загадак край. Куды ні кінь вокам — паўсюль лунае дух даўніны. Ёсць версія, што менавіта над Гарадзiшчанскiм возерам і ракой Ясельдай, злучаных паміж сабой вузкай пратокай, якая ўзвышаецца над імі мысападобным выступам, тысячу гадоў таму зараджаўся старажытны Пінск.
Археалагічныя даследаванні паказалі, што гэтая мясцовасць была заселена людзьмі яшчэ восем тысяч гадоў таму. А ў VIII стагоддзі нашай эры дзякуючы воднаму гандлёваму шляху, якi існаваў тады, тут з'явілася славянскае паселішча. Яно актыўна развівалася, але пазней было перанесена ў больш зручнае месца — на левы бераг ракі Піны недалёка ад яе зліцця з Прыпяццю. Старажытнае гарадзішча над возерам, якое з'яўляецца помнікам археалогіі, сёння знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Не менш багатыя гістарычнымі падзеямі і не так даўно мінулыя стагоддзі. З
1620 года на гэтым самым месцы размяшчаўся манастыр, заснаваны каталіцкім ордэнам святога Бенедыкта.
Першыя 30 манахаў прыбылi на Палессе з італьянскага горада Монтэ-Касіна. Духоўнай мясціне спрыяў тагачасны полацкі ваявода Ян
Караль Копец. На яго грошы былі ўзведзены мураваны касцёл Святой Ганны, які меў
форму крыжа, а таксама манастырскія пабудовы. Упрыгожваннем інтэр'ера касцёла
сталі ўнікальныя фрэскі, якія
адлюстроўвалі біблейскія гісторыі і эпізоды гісторыі Рэчы Паспалітай. Да ХІХ
стагоддзя ўвесь комплекс манастырскіх будынкаў атачала крапасная сцяна.
Манастыр зачынілі ў 1864 годзе, а яго маёмасць канфіскавалі і прадалі з малатка. Прычынай таму паслужыла падтрымка тутэйшымі манахамі польскага паўстання 1863 года. Але праз паўстагоддзя мясцовыя каталікі праз суд вярнулі сабе храм. Зрэшты доўга прабыць у ім не атрымалася — у ліпені 1944 года храм узарвалі адступаючыя нямецкія войскі. Манастырскі будынак XVIII стагоддзя з элементамі позняга барока, які цудам захаваўся, знаходзіцца на балансе мясцовай медустановы.
Бег катамарана
Сёння нішто не азмрочвае тутэйшае мірнае жыццё. На возеры і рацэ поўна рыбакоў. Рыбачаць дарослыя, дзеці, а таксама белыя і шэрыя чаплі, бакланы, чайкі. Прама на нашых вачах велізарную рыбіну сваімі вострымі кіпцюрамі выхапіў з вады і знік за верхавінамі дрэў балотны лунь. На ўхілістых берагах гаспадароў цярпліва чакаюць традыцыйныя для Палесся драўляныя лодкі-пласкадонкi, а на заліўных лугах свежай травой кормяцца коні і гусі.
Тонкай змейкай у цесных абдымках хмызняковай расліннасці і чароту нясе нас Ясельда насустрач сваёй старэйшай сястры Прыпяці. Кожны выгін яе звілістага цела зусім не падобны на папярэдні. Каб знізіць паруснасць, знялі рубку з воданепранікальнай тканіны, якая абараняе каманду ад дажджу. Лодкавы матор працуе надзейна. Катамаран плыве з хуткасцю бягучага чалавека. Экіпаж атрымлівае асалоду ад прыгажосці і чысціні некранутай палескай прыроды.
Юшка ў Кудрычах
Праблем з сувяззю на Ясельдзе няма. За гадзіну да прыходу ў Кудрычы сазвоньваемся з нашым даўнім таварышам з мясцовых жыхароў, паведамляем Мікалаю прыблізны час прыбыцця. Да гэтага моманту абяцаная ім рыбная юшка павінна быць ужо гатовая.
Камандзе час падсілкавацца. Раптоўная навальніца не перашкаджае сытнаму абеду. Мы надзейна схаваліся ад непагадзі ва ўтульнай альтанцы на беразе ракі. На стале — свежая гародніна і зеляніна, выгадаваныя ў цяпліцах і на градцы і толькі што сарваныя для гасцей.
Кудрычы — вёска ўнікальная. Яна захавала рысы населенага пункта першай паловы XX стагоддзя і ўяўляе жывую цікавасць для этнографаў і турыстаў. У ліпені па ёй можна прайсці ўжо без ботаў, а вось ранняй вясной сувязным звяном на шляху ад суседа да суседа часцяком служыць толькі лодка.
Вёска складаецца з цэлага шэрагу хутароў, раскіданых па невялікіх прыродных узвышшах у пойме Ясельды. Калі рака выходзіць з берагоў, усе яны на некалькі тыдняў і нават месяцаў становяцца выспамі. Мясцовае насельніцтва да паводкі прызвычаілася, вялікая вада для яго — звычайныя жыццёвыя будні.
Пад чаротавымi дахамi — увесь набор сельскагаспадарчага інвентару, прызначэнне многіх прадметаў, выкананых рукамі старэйшага пакалення палешукоў, нават у сучаснага сельскага жыхара выклікае пытанні, не кажучы ўжо пра гараджан. Тут жа мудрагелістыя рыбалоўныя снасці, якімі мясцовае насельніцтва карысталася стагоддзямі. Сёння яны пад забаронай, але працягваюць служыць. Цяпер ужо для гісторыі.
Вечарам у Кудрычах прайшоў моцны дождж. У наскрозь змоклых намётах стала некамфортна, і частка каманды папрасілася на начлег у пустуючую адрыну на свежае сена. Дзе і калі гараджаніну прадставіцца такая магчымасць зноў акунуцца ў бесклапотнае дзяцінства, некалі праведзенае ў вёсцы ў дзядоў і бабуль?