Зорны беларускі кікбаксёр: тое, што робіцца ў Беларусі, гэта сапраўдны генацыд народу
Трохразовы чэмпіён свету і шматразовы пераможца Кубка свету па кікбоксінгу і іншых топавых турніраў Сяргей Скіба нядаўна быў вымушаны зʼехать з Беларусі.
— Прыйшлося зʼехаць, таму што тое, што робіцца ў Беларусі, гэта поўнае бязмежжа, сапраўдны генацыд народу. З табой могуць зрабіць усё, што заўгодна, і людзі не панясуць за гэта ніякай адказнасці. Тыя, хто ажыццяўляе генацыд, гэта разумеюць, ўсведамляюць сваю беспакаранасць на дадзены момант, таму робяць усё, што хочуць, — цытуе Скібу «Еўрарадыё» са спасылкай на «Трыбуну».
Скіба кажа, што з боку федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса на яго адбываўся ціск:
— Першы намеснік федэрацыі Анатоль Сімончык мне прамым тэкстам сказаў: «Раз ты падпісаў ліст [адкрыты ліст спартоўцаў супраць гвалту і фальсіфікацый.], пайшоў у палітыку, а спорт па-за палітыкай, то табе няма чаго рабіць у федэрацыі і наогул у гэтым спорце.
Распавядае спартовец і аб сваім знаёмстве з ужо экс-міністрам унутраных спраў Караевым.
— Мы з ім пазнаёміліся ў 2015 годзе, калі ён, будучы намеснікам міністра ўнутраных спраў, з намі ўпершыню паехаў на чэмпіянат свету па тайскім боксе. Караеў праявіў сябе з лепшага боку, я ўбачыў, што гэта вельмі пісьменны і начытаны чалавек. Плюс адрозніваўся справядлівасцю. І яшчэ адзначаў, што калі будуць нейкія пытанні па спорце, мы да яго заўсёды можам звярнуцца, ён дапаможа, — адзначае Скіба. — А па іншых справах, напрыклад, разруліць сітуацыю з якім-небудзь правапарушэннем, можна не тэлефанаваць, не пытацца. Прыклад: [баец] Зміцер Шакута, парушыўшы ПДР, патэлефанаваў Караеву, але той яго за гэта пазбавіў правоў на тры месяцы. І яшчэ сказаў, каб больш у такіх пытаннях яму не тэлефанавалі.
Пасля прызначэння кіраўніком МУС, дадае Скіба, Караеў «стаў як быццам зусім іншым чалавекам».
— Калі я глядзеў ТБ, проста не пазнаваў гэтага чалавека, ён сам на сябе не быў падобны. Памятаю, як ён прасіў прабачэння за дзеянні сілавікоў, за тое, што пацярпелі выпадковыя людзі. А перад тымі, хто пацярпеў невыпадкова, што, не трэба прасіць прабачэння? Няўжо людзей, якія выйшлі на вуліцу ў знак нязгоды з фальсіфікацыяй выбараў, можна збіваць, калечыць, катаваць, забіваць?