Адмовіцца нельга. Расійскі бізнес пад прымусам на карысць арміі

Расійскі бізнес пераходзіць на ваенныя рэйкі. Дзярждума РФ прагаласавала за прымус бізнесу да дзяржзаказу ў інтарэсах арміі

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

Дзярждума РФ ухваліла ў першым чытанні ўрадавы законапраект аб праве ўладаў уводзіць «спецыяльныя меры» ў эканоміцы для забеспячэння «контртэрарыстычных і іншых аперацый за межамі тэрыторыі Расійскай Федэрацыі».

Сярод іншага, гаворка ідзе пра павелічэнне працоўнага часу, працу ў выходныя дні і забарону на адмову ад выканання кантрактаў па дзяржабаронзаказе, паведамляе BBC News.

Праект закона за подпісам прэм'ера Міхаіла Мішусціна быў унесены ў Дзярждуму 30 чэрвеня. Ураду Расіі прапануецца даць права прымаць рашэнні наконт увядзення «спецыяльных мер» на «асобных вытворчых аб'ектах».

Згодна з праектам, прадпрыемствы — прычым незалежна ад формы ўласнасці! — не будуць мець права адмаўляцца ад заключэння дамоваў і дзяржаўных кантрактаў на пастаўку тавараў, а таксама ад выканання работ і аказання паслуг.

Гэта датычыцца дамоваў, якія заключаюцца ў адпаведнасці з Законам аб дзяржабаронзаказе або Законам аб кантрактах у сферы закупак для дзяржаўных і муніцыпальных патрэб.

У тлумачэнні да законапраекта нават не хаваецца, што гэта рабіцца з-за вайны ва Украіне. Наўпрост паведамляецца, што расійскі ўрад вырашыў атрымаць такое права для забеспячэння «ў прыватнасці, спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыях Данецкай Народнай Рэспублікі, Луганскай Народнай Рэспублікі і Украіны».