
Як вынікае з сайта аўкцыёна, ужо зробленыя дзве стаўкі на гістарычны артэфакт, кошт лота на гэты момант — 3000 долараў. Таргі працягнуцца яшчэ 9 дзён, піша «Радыё Свабода».
Мэр Рыгі Марціньш Стакіс раней расказаў, што паслужыла падставай для замены чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы падчас хакейнага форуму ў Рызе.
«Па-першае, мы хацелі выказаць салідарнасць з народам Беларусі і беларускай апазіцыяй. Па-другое, немагчыма змірыцца з тым, што адбываецца ў Беларусі, як можна ўгнаць самалёт Еўрасаюза, катаваць і забіваць людзей. Усё гэта робіць рэжым, які вядзе сябе па-бандыцку. Мы не можам з гэтым пагадзіцца. Таму зрабілі такі ўчынак», — патлумачыў мэр Рыгі.
24 траўня ў цэнтры латвійскай сталіцы мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі чырвона-зялёны сцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з «Пагоняй» на месцы, дзе віселі на мачтах сцягі краін — удзельніц чэмпіянату свету па хакеі. Яны адзначылі, што «сцяг, які сімвалізуе рэжым, што займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў гарадскім асяроддзі Рыгі».
Пасля гэтага з Беларусі выслалі амбасадара Латвіі і ўвесь дыпламатычны і адміністрацыйна-тэхнічны склад амбасады. Латвія адказала сіметрычна, выслаўшы з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпламатаў.
Генпракурор Беларусі Андрэй Швед пачаў крымінальную справу за распальванне нацыянальнай варожасці ў дачыненні да мэра Рыгі Мартыньша Стакіса і міністра замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарcа Рынкевічcа.