Дасье ў карыкатурах: «Я стамілася, я сыходжу». Хто прыйдзе на змену?

Увосень 2021 года ў Германіі будзе абірацца новы бундэстаг. Галоўная інтрыга гэтай выбарчай кампаніі заключаецца ў тым, што канцлер Ангела Меркель, якая кіруе краінай на працягу 15 гадоў, адмовілася зноў вылучыць сваю кандыдатуру. І гэта значыць, што блок «Хрысціянска-дэмакратычны саюз / Хрысціянска-сацыяльны саюз» (ХДС / ХСС) на выбары павядзе новы лідар, імя якога дагэтуль невядома.

zastavka_33.jpg


Нядаўна здавалася, што пытанне з пераемнікам, было вырашана: напрыканцы 2018 года Меркель склала з сябе паўнамоцтвы старшыні ХДС. Гэтая пасада дасталася Аннегрэт Крамп-Карренбаўэр. Аднак у пачатку 2020-га ёй давялося адмовіцца ад пасады, што выклікала радасць як мінімум сярод журналістаў і палітыкаў нашага рэгіёна: паспрабуйце напісаць без памылак «Аннегрэт Крамп-Карренбаўэр».
Выбары новага старшыні, а, значыць, і лідара партыі двойчы прыйшлося адкласці з-за пандэміі. Новы з'езд — у віртуальным фармаце — пройдзе на наступным тыдні. Інтрыга, развязка якой паўплывае на лёс усяго свету, як лічаць эксперты, будзе захоўвацца да апошняга. Тым больш, што прэтэндэнтаў на пасаду хапае. Намер шматлікіх кандыдатаў залезці ў канцлерскія пантофлі Меркель — тэма малюнку аўстрыйскага мастака Мар’яна Камінскі.

1_371.jpg


Усяго на пасаду адкрыта прэтэндуюць тры члены партыі: прэм'ер-міністр федэральнай зямлі Паўночны Рэйн - Вестфалія Армін Лашэт, экс-кіраўнік фракцыі ХДС у бундэстагу Фрыдрых Мерц і старшыня камітэта бундэстага па знешняй палітыцы і былы кіраўнік міністэрства па ахове навакольнага асяроддзя Норберт Роттген.
Найбольш імпазантны і прабіўны ў гэтай групе кандыдатаў Фрыдрых Мерц. Справа ў тым, што ён асабісты вораг Меркель, якога яна ў свой час выціснула з пасады лідара фракцыі. У выніку Мерц абвясціў аб спыненні палітычнай кар'еры і сышоў працаваць карпаратыўным юрыстам. Два гады таму ён абвясціў аб сваім вяртанні і перайшоў у контр-атаку.
У выпадку яго перамогі нас чакае мудрагелісты сюжэт. Мерц каталік-кансерватар, неаліберал, атлантыст у адным флаконе. Ён крытыкуе Пуціна, адначасова, як прапуцінскія папулісты, гуляе на фобіях супраць мігрантаў і фліртуе з буйным бізнесам. У дадатак абяцае вярнуць партыю, якая пры Меркель сышла на цэнтрысцкія пазіцыі, у правую нішу. Нядзіўна, што шмат хто называе палітыка «нямецкім Трампам». А мастак выдання Standart увогуле пабачыў у ім рысы клоўна-ман'яка з фільму жахаў «Яно».

2_343.jpg

Кампраматам на Мерца таксама з'яўляецца і ўдзел у працы савета дырэктараў кампаніі Stadler Gruppe, якой належыць завод у Мінскай вобласці. Часопіс Spiegel сцвярджае, што завод быў адкрыты «пры падтрымцы рэжыму». Калі Фрытц не атрымае крэсла старшыні з-за беларускага шкілета ў шафе, імідж афицыйнага Мінска напэўна таксама пацерпіць.
Каб не дапусціць перамогі Мерца Меркель, як прагназуецца, паспрабуе шляхам апаратных гульняў забяспечыць перамогу прэм'ер-міністра зямлі Паўночны Рэйн - Вестфалія Армін Лашэта — больш-менш палітычна блізкага канцлеру. Ён, сапраўды, неаднаразова рабіў заявы, паводле якіх ХДС рухаецца ў правільным кірунку, а спадчына канцлершы не будзе падвергнута рэвізіі. На малюнку рэсурсу Toonpool Лашэт, рыхтуючы ўступіць на пасаду Меркель, трэніруецца рабіць фірмовы меркелеўскі жэст.

3_315.jpg


Самы нечаканы кандыдат на пасаду кіраўніка ХДС — знешнепалітычны эксперт партыі і кіраўнік камітэта бундэстага па знешняй палітыцы Норберт Роттген (Norbert Röttgen). Роттген вядомы як, мабыць, самы жорсткі ў ХДС крытык Крамля. Яшчэ адна кандыдатура, чыё імя фігуруе ў СМІ, — міністр аховы здароўя Германіі Енс Шпан.
Аднак, як адзначаюць эксперты, усе згаданыя палітыкі не адрозніваюцца асаблівай харызмай і папулярнасцю. Таму ў гонку можа ўключыцца старшыня ХСС Маркус Зёдэр. Папулярнасць Зёдэра за апошнія гады вырасла за кошт вобразу моцнага антыкрызіснага менеджара. На фоне пандэміі COVID-19 яго кандыдатура стала яшчэ больш прывабнай. Зрэшты, рэзанансная прапанова Зёдэра наконт увядзення штрафаў памерам у 250 Еўра за адсутнасць маскі, мастаку выдання Handelsblatt падалася пераборам.

4_302.jpg


Вось з такой лінейкай кандыдатаў партыя падышла да гістарычнага з'езду. Па даных сацапытанняў, кандыдатуру Мерца падтрымліваюць 29% сяброў ХДС, а Лашэта каля 25%. Але ёсць яшчэ больш цікавыя лічбы. Паводле дзяржаўнага тэлеканала ZDF, ні адзін з трох кандыдатаў на пост партыйнага фюрэра не ўваходзіць у топ самых папулярных палітыкаў краіны. Таму не выключана, што на выбары ў бундэстаг партыю можа повесці наогул нехта іншы. Не выключана нават, што прыйдзецца паклікаць на дапамогу пенсіянерку Ангелу. Такой варыянт не выключае мастак Schwarwell. Ён лічыць, што бабулю можа натхніць павярнуцца ў палітыку жаданне пабіць рэкорд лідараў камуністычнай Усходняй Германіі. Тыя звычайна атрымлівалі на выбарах не менш 96 працэнтаў.

vv.jpg