Дзіяну Панчанка, якая брала інтэрв'ю ў Лукашэнкі, ва Украіне абвінавацілі ў дзяржздрадзе

У Службе бяспекі Украіны заявілі, што сабралі доказы дзяржаўнай здрады ўкраінскай экс-тэлевядоўцы Дзіяны Панчанка. Цяпер робяцца захады для прыцягнення яе да адказнасці, піша «Люстэрка».

Кадр з інтэрв'ю Дзіяне Панчанка

Кадр з інтэрв'ю Дзіяне Панчанка

— Устаноўлена, што з кастрычніка 2022 года да цяперашняга часу Панчанка, дзейнічаючы па ўказанні з Масквы, спрыяе ваенна-палітычнаму кіраўніцтву Расіі ў падрыўной дзейнасці супраць Украіны.

У прыватнасці, фігурантка сістэматычна апраўдвае ўзброеную агрэсію Расіі супраць Украіны, падтрымлівае і прапагандуе акупацыю рэгіёнаў нашай дзяржавы, а таксама маніпулятыўна асвятляе ваенна-палітычную сітуацыю ва Украіне і заклікае нашых суграмадзян не супраціўляцца акупантам, — гаворыцца ў паведамленні СБУ.

Свае прапагандысцкія матэрыялы Панчанка выкладвае на ютуб-канале, дзе ў яе каля 1 млн падпісчыкаў, а таксама распаўсюджвае праз сетку пракрамлёўскіх каналаў, заявілі ў спецслужбе.

Нагадаем, Дзіяна Панчанка — грамадзянка Украіны, працавала вядоўцай на тэлеканалах кума Пуціна Віктара Медведчука. Улетку 2022 года яна з’ехала з Украіны. У студзені гэтага года СБУ завяла на яе крымінальную справу па ч.3 арт. 436−2 Крымінальнага кодэкса Украіны («Апраўданне, прызнанне правамернай, адмаўленне ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны») праз яе паездкі ў акупаваныя Данецк і Марыупаль для здымак прапагандысцкага рэпартажу. Уключана ў санкцыйны спіс Украіны за заявы «ў поўнай адпаведнасці з тэзісамі расійскай прапаганды, поўнымі антыўкраінскага зместу».

У жніўні Панчанка прыязджала ў Мінск, дзе ўзяла інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі.

У Беларусі на тэлеканале «СТБ» прапагандысцкае шоу вядзе ўкраінка Надзея Сас. Раней яна працавала на прарасійскіх украінскіх каналах, за дзесяць дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Сас пераехала ў Беларусь. Яе мужа, дэпутата Вярхоўнай рады Алега Валошына, на радзіме падазраюць у дзяржаўнай здрадзе.