Экс-прэм’ер Польшчы Эва Копач будзе бясплатна лячыць людзей

Былая прэм’ер-міністр Польшчы ад партыі «Грамадзянская платформа» Эва Копач плануе вярнуцца да прафесійных заняткаў. Па адукацыі яна лекар, ў 1981 годзе скончыла Люблінскі медыцынскі універсітэт.

eva_kopach.jpg



Эва Копач мае некалькі спецыялізацый: яна лекар агульнай практыкі (сямейны лекар), педыятр і спецыяліст судовай медыцыны.

 

Былая кіраўнік урада пры гэтым не плануе адмаўляцца ад парламенцкай дзейнасці і ў далейшым будзе дэпутатам Сейма. Эва Копач хацела б у вольныя ад парламенцкай дзейнасці дні (некалькі дзён на працягу месяца) браць дзяжурства на станцыі хуткай дапамогі або ў паліклініцы. Для гэтага павінна быць згода старшыні Сейма, з якім, на думку Копач, праблем быць не павінна, перадае Polskie Radio.

 

Пры гэтым яна плануе працаваць бясплатна — на валанцёрскіх пачатках.

 

Эва Копач, якой зараз 60 гадоў, займалася медычнай практыкай да 2007 года, калі заняла пасаду міністра аховы здароўя Польшчы (да 2011 года). З 2011-га да 2014 года была старшынёй Сейма і крыху больш за год (верасень 2014 — лістапад 2015) прэм’ер-міністрам краіны.