Facebook выдаліў некалькі сетак уплыву, якія працавалі і па Беларусі
Facebook выдаліў некалькі сетак уліковых запісаў і груп, якія скаардынавана размяшчалі інфармацыю, што носіць прыкметы замежнага або дзяржаўнага ўмяшання.
Сярод іх ёсць сетка з 23 уліковых запісаў Facebook, 6 старонак і 8 уліковых запісаў Instagram, якія былі створаны ў Расіі і арыентаваныя на працу ў суседніх з ёй краінах, у тым ліку ў Беларусі.
«Гэтая сетка размяшчала на рускай і англійскай мовах навіны і запісы аб бягучых падзеях, уключаючы пратэсты і выбары ў Беларусі, палітыку ў Расіі і Украіне, геапалітычныя змовы, адносіны Расія-NATO, адносіны Расіі з суседнімі краінамі, а таксама крытыку знешняй палітыкі і сацыяльна-эканамічнай палітыкі ЗША, палітычных кандыдатаў на выбарах у ЗША», — гаворыцца ў паведамленні Facebook.
Таксама была выдаленая буйная сетка з 214 карыстальнікаў Facebook, 35 старонак, 18 груп і 34 акаўнтаў Instagram. Па інфармацыі Facebook, сетка была створана ў Расіі і арыентавана на Сірыю і Украіну, у меншай ступені — на Турцыю, Японію, Арменію, Грузію, Беларусь і Малдову. Сетка размяшчала паведамленні на некалькіх мовах. Яны закраналі сітуацыю ў Сірыі, Турцыі, вайну ва Украіне, праблемы ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, палітыку ў краінах Балтыі, Грузіі, Арменіі, Украіне, Расіі, Беларусі.
Яшчэ адна невялікая выдаленая сетка арыентавалася на Турцыю, Еўропу і ЗША.
Паводле REFORM.by