Гомасексуалізм як чыннік зменаў

Чуткі наконт нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі лідэра партыі Свабодных дэмакратаў (FDP) хадзілі даўно. Аднак сам ён доўгі час не хацеў прызнавацца ў сімпатыях да прадстаўнікоў свайго полу. На публіцы ўвесь час ён з’яўляўся з бландзінкай Утай Шпангенберг. Аднак журналісты не паверылі, што паміж імі нешта было.



01894d6f048493d2cacde3c579c315a3.jpg

Чуткі наконт нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі лідэра партыі Свабодных дэмакратаў (FDP) хадзілі даўно. Аднак сам ён доўгі час не хацеў прызнавацца ў сімпатыях да прадстаўнікоў свайго полу. На публіцы ўвесь час ён з’яўляўся з бландзінкай Утай Шпангенберг. Аднак журналісты не паверылі, што паміж імі нешта было.
Нарэшце Гіда Вестэрвеле надакучыла прадстаўляць сябе як гетэрасексуала. Ён адкрыта заявіў, што жанчыны яго не цікавяць. Аглядальнікі казалі, што на такі крок Гіда падштурхнула палітычная сітуацыя. На двары стаяў 2004 год. Урад сацыял-дэмакратаў і Зялёных з-за не папулярных ліберальных эканамічных рэформ вось-вось павінен быў ляснуць. Аднак ісці на выбары лідэрам лібералаў, маючы за спінай падвойнае інтымнае жыццё, было вельмі небяспечна. У любы момант скандал мог выйсці вонкі, і Вестэрвеле як нячэсны палітык мусіў бы пайсці са сцэны.
Гіда Вестэрвеле адважыўся на мужны крок. У ліпні 2004 года публічна прызнаўся, што з’яўляецца геем. І адразу стаў цягаць на рознага кшталту фуршэты і прыёмы свайго партнёра. Ім аказаўся малодшы за яго на 6 гадоў Міхаэль Мронц — прадпрымальнік, як займаецца арганізацыяй конных спаборніцтваў і турніраў.
Такі крок аказаўся цалкам апраўданым. Наконт сапраўднай сексуальнай арыентацыі Вестэрвеле больш не спекулявалі. У 2009 годзе партыя Гіда здолела сабраць рэкордную колькасць галасоў за ўсю гісторыю FDP і сфармаваць кабінет з хрысціянскімі дэмакратамі Ангелы Меркель. У кабінеце Вестэрвеле атрымаў пасаду віцэ-канцлера і міністра замежных спраў.
Зараз кабінет перажывае нялёгкія часы. Партыі, якія ўваходзяць у кааліцыю, не могуць дамовіцца па шэрагу пытанняў, асабліва ў галіне сацыяльнай палітыкі. Бясконцыя скандалы паміж міністрамі надакучылі звычайнаму бюргеру. Рэйтынг даверу да ўраду падае штодня. Аднак нават калі заўтра чорна-жоўты (партыйныя колеры лібералаў і кансерватараў адпаведна) блок ляснецца, Вестэрвеле гарантавана месца ў гісторыі. Ён — першы міністр замежных спраў у гісторыі, які заклаў практыку браць у афіцыйныя замежныя дыпламатычныя ваяжы свайго партнёра.
Праўда, не адразу. Падчас першых візітаў у Польшчу, на Блізкі Усход і ў Турцыю ён не адважыўся прыхапіць з сабою «нявесту» (так празвалі Мронца ў прэсе). Гэта быў бы сімвалічны выпад супраць тамашніх рэжымаў, якія ставяцца да гомасексуалістаў вельмі не лаяльна. У арабскіх краінах гомасексуалістаў увогуле часам чакае смяротнае пакаранне.
Мронц упершыню з’явіўся ў атачэнні Вестэрвеле падчас ягоных візітаў у Швецыю і Італію. Пры гэтым Мронц быў унесены ў афіцыйны пратакол візіту. Так упершыню дыпламаты сутыкнуліся з праблемай — як называць «нявесту» ў пратаколе. Звычайна частка, прысвечаная праграме для жонкі палітыка, называецца «Праграма для дамы». Назваць партнёра Вестэрвеле «дамай», натуральна, не маглі. Пакуль што ў пратаколах ён фігуруе проста як спадар Мронц.
Абкатаўшы Еўропу, Вестэрвеле павёз Мронца ў Японію. Прэм’ер Японіі, пачуўшы пра таго, з кім прыедзе немец, выступіў супраць. Аднак шэф FDP яго не паслухаўся. Мронц таксама быў унесены ў пратакол. Для яго прыдумалі асобную праграму. Адзінае, што быў вымушаны зрабіць Мронц, — заявіць на публіцы, што ляціць на Далёкі Усход за свой кошт. Аднак гэта, думаецца, было зроблена перш за ўсё для нямецкага падаткаплацельшчыка.
Наступным у праграме візіту Вестэрвеле быў Кітай. Гомасексуалізм перастаў быць крымінальным злачынствам у гэтай краіне толькі пару гадоў таму. Пры гэтым Пекіну яўна не хацелася, каб у дадатак да тыбецкага пытання Вестэрвеле надакучваў яму праблемамі правоў «блакітных».
У выніку кітайцы зрабілі ўсё філігранна. У пекінскім аэрапорце «салодкую парачку» сустрэў асабіста прэзідэнт КНР. Ён паціскаў у тым ліку руку Мронцу і нават усміхнуўся яму. Пасля ўсе накіраваліся на прыём у элітны рэстаран China Club. У той жа самы час у іншай частцы Пекіна паліцыя разагнала маніфестацыю мясцовых геяў, якія вырашылі, што прыезд Мронца і Вестэрвеле дае ім на гэта права.
Трэба прызнаць, што прысутнасць Міхаэля ў кампаніі Вестэрвеле падчас афіцыйных візітаў паступова перастае шакаваць замежнікаў.
У самой Германіі няма адзінага стаўлення да паводзінаў новага міністра замежных спраў. Некаторыя кажуць, што гэта цалкам нармальна, дадатковае сведчанне нямецкай талерантнасці. Іншыя, наадварот, бачаць у настойлівым жаданні Гіда цягаць па ўсяму свету свайго бой-фрэнда нейкі капрыз. «Вестэрвеле павінен вырашыць, кім ён збіраецца стаць — Геншэрам (вядомы нямецкі дыпламат 1970–1980-х гадоў) або Хайдэрам (аўстрыйскі правы папуліст)», — раіць федэральнаму міністру ўплывовая «Sueddeutche Zeitung».
Сам Вестэрвеле кажа, што нямецкая замежная палітыка не павінна ігнараваць правы чалавека, частка якіх — правы сексуальных меншасцяў.
Ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць цікавы аспект. Кім бы ні быў Вестэрвеле, ён яўна парушае ўсе старадаўнія догмы нямецкай дыпламатыі. Міністр адкрытым тэкстам патрабуе ад Хілары Клінтан прыбраць з ФРГ атамныя ракеты В–61. У яго няма ніякага такту адносна афіцыйнага Крамлю. Вестэрвеле так дастаў Шродэра, які лабіруе ў Германіі інтарэсы «Газпраму», што Герхард зараз нават судзіцца з ім.
Як тут не задацца пытаннем: магчыма, смеласці Вестэрвеле надаюць асаблівасці ягонага лібіда. Калі ўжо чалавек публічна асмеліўся прызнацца, што ён гей, што яму нічога не варта сказаць усё, што ён думае пра таго ж Пуціна.