Януковіча пахавалі заўчасна, але ён усё роўна «палітычны труп»

У аўторак раніцай інтэрнэт-прастору як мінімум дзвюх краін - Расіі і Украіны - літаральна ўзарвала навіна аб заўчаснай смерці ў Растове-на-Доне ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча.



yanukovicz_trup.jpg

Першым пра меркаваную смерць Януковіча паведаміў актывіст Міхаіл Лебедзь. На сваёй старонцы ў Facebook ён, спасылаючыся на званок сябра з растоўскага кардыяцэнтра, напісаў: "Яныка прывезлі туды каля 11-ай ночы 3 сакавіка з сардэчным прыступам, а праз гадзіну ён памёр". Украінскія СМІ, у прыватнасці, "Левый берег", звязаліся з актывістам і пераканаліся, што яго акаўнт у сацыяльнай сетцы не быў узламаны. Лебедзь пацвердзіў інфармацыю пра смерць палітыка.
Аднак растоўскаму выданню "Блокнот" удалося ўзяць каментар у мясцовых медыкаў, і тыя абверглі скон украінскага прэзідэнта. Як заявіў выданню галоўны ўрач кардыяхірургічнага цэнтра Растоўскай вобласці Аляксандр Дзюжыкаў, "пацыента Віктара Януковіча ў нас няма. Больш за тое, ён да нас нават не паступаў".
Варта адзначыць, што многія карыстальнікі інтэрнэту, чытаючы паведамленне пра смерць Януковіча, адразу ўсумніліся ў дакладнасці інфармацыі, хоць і, трэба прызнаць, некаторыя шкадавалі, што гэта няпраўда. Можна сустрэць такія каментары:

- Не веру... У яго няма сэрца...  - Пакуль Януковіч сам у відэазвароце пра сваю смерць не заявіць - не паверу!  - Яму нават смерць рэйтынг не падыме  - Шкада... Ён яшчэ памучыцца павінен  - Трызненне, вядома, але каб народ усміхнуўся з раніцы...  - Падобна на тое, маўра спісалі і трохі дапамаглі  - Навошта Пуціну чамадан без ручкі?  - Найбольш зручны выхад са становішча, у якім апынуўся Крэмль


Зрэшты, можна сказаць, што Януковіча ў Расіі сапраўды ўжо амаль пахавалі - але толькі ў палітычным сэнсе. Так, сталы прадстаўнік РФ пры ААН на экстраным пасяджэнні Савета Бяспекі мінулай ноччу заявіў, што ў Расіі прызнаюць немагчымасць вяртання Януковіча да ўлады ў Кіеве.
"Нашай задачай не з'яўляецца Януковіча да ўлады вярнуць. Мы хіба не разумеем, што Януковіч да ўлады ў Кіеве не вернецца, не прыедзе ў сваю рэзідэнцыю і не будзе кіраваць дзяржавай?" - звярнуўся дыпламат да ўдзельнікаў пасяджэння. Пры гэтым ён падкрэсліў, што будучыню Януковіча, "як і лёс любога ўкраінскага палітыка, павінен вырашыць народ Украіны".
Аднак палітычная смерць Януковіча не зашкодзіла Расіі ўвесці войскі ва Украіну нібыта па яго просьбе
Паводле  newsru.com