Літва ўнесла Беларусь і Расію ў спіс варожых дзяржаў
Урад Літвы зацвердзіў спіс варожых дзяржаў. Ён быў падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі і інавацый.
Літоўскія дзяржорганы змогуць не дапускаць да ўдзелу ў тэндарах кампаніі з дзяржаў, якія трапілі ў пералік, а таксама скасоўваць з імі дамовы, перадае REFORM.by.
«Да гэтага часу ў заказчыкаў не было падстаў адхіляць тэндары або скасоўваць дзяржаўныя кантракты, калі прапанаваныя тавары паступаюць з краін рызыкі або калі пастаўшчыкі звязаныя з такімі краінамі. Згодна з зацверджаным спісам дзяржаў, закупшчыкі змогуць прымаць рашэнні не фінансаваць гэтыя варожыя дзяржавы з дапамогай дзяржаўных закупак», — цытуецца ў прэс-рэлізе ўрада міністарка эканомікі і інавацый Аўшрыне Арманайтэ.
У спіс трапілі:
- Расія,
- Беларусь,
- анэксаваны Крым,
- непадкантрольнае Малдове Прыднястроўе,
- непадкантрольныя Грузіі Абхазія і Паўднёвая Асеція.
Раней спецыяльная камісія ўрада ацэньвала тыя ці іншыя здзелкі на прадмет адпаведнасці інтарэсам нацыянальнай бяспекі і давала рэкамендацыі па скасаванні здзелак.
Трэба адзначыць, што Літва раней ужо трапіла ў пералік недружалюбных краін, зацверджаны ў Расіі. У Беларусі такога спісу пакуль няма.