На аўкцыёне Sotheby’s усплыў «Брагінскі метэарыт»
Адным з лотаў на таргах аўкцыёну Sotheby’s аказаўся буйны фрагмент жалезна-каменнага метэарыта, часткі якога сталі знаходзіць у Брагінскім раёне з пачатку XIX стагоддзя.

На анлайн-аўкцыёне Natural History за лот беларускага паходжання вагой 2,644 кілаграма хацелі атрымаць 10–15 тысяч долараў, але прададзены ён не быў.
Як сказана ў апісанні аб’екта, ён быў знойдзены пад Брагінам у 1810 годзе, а на аўкцыён трапіў з калекцыі Рубена Гарсіі, які жыве ў горадзе Пеорыя (штат Арызона, ЗША).
Брагінскім метэарытам называюць сукупнасць аскепкаў, якія знаходзілі ў дадзенай мясцовасці з 1807 года. Агульная маса выяўленых асобнікаў складае некалькі соцень кілаграмаў.
Дарэчы, метэарыт «Брагін» паводле вынікаў народнага галасавання ў 2018 годзе афіцыйна быў прызнаны турыстычным брэндам Брагінскага раёна. Тут кожны школьнік ведае пра тое, што амаль тысячагоддзе таму «за Дняпром у Кіеўскай воласці» здарыўся знак – на небе ўспыхнуў «агністы круг», які пакідаў за сабой хвост «у вобразе змея вялікага» і праліўся метэарытным дажджом над Брагіншчынай.