Пракурор патрабуе пасадзіць Навальнага на шэсць гадоў і арыштаваць у залі суда

Пакаранне ў выглядзе шасці і пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу просіць пракурор для апазіцыйнага блогера Аляксея Навальнага і яго меркаванага саўдзельніка Пятра Афіцэрава за растрату маёмасці прадпрыемства «Кіраўлес».



navalny_20.jpg

Пра гэта сёння заявіў дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Багданаў у Ленінскім судзе Кірава ў ходзе спрэчак бакоў, перадае ІТАР-ТАСС.
 

На яго думку, віна падсудных цалкам даказаная ў судовым разглядзе. «Меру стрымання змяніць, узяўшы іх пад варту ў зале суда», — сказаў пракурор.
Пракурор адзначыў, што фігуранты справы ўсведамлялі грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў. Навальны, па словах дзяржабвінаваўцы, выступіў арганізатарам здзяйснення злачынства, а другі фігурант справы Пётр Афіцэраў —  саўдзельнікам. «Навальны ўсведамляў, што лесапрадукцыя. прадастаўляецца ім па заніжаных цэнах», — цытуе пракурора «Інтэрфакс».
 

Ён заявіў, што фігуранты ўступілі ў папярэднюю змову па ініцыятыве Навальнага, накіраваную на растрату маёмасці. Пракурор сказаў, што інкрымінуемае Навальнаму і Афіцэраву дзеянне небяспечна для грамадства. «Нічога новага ні ў спосабах, ні ў мэтах здзяйснення злачынства няма, толькі асоба падсуднага», — сказаў дзяржабвінаваўца.

Як адзначыў пракурор, грамадская дзейнасць Навальнага стала прычынай мноства выказванняў, часта, на думку пракуратуры, неаб'ектыўных. «Няма нічога горш для правасуддзя, чым грамадская думка, якая папярэднічае вынясенню  рашэння», — сказаў пракурор.
 

«Мяркую, што прапанаванае дзяржаўным абвінавачаннем пакаранне будзе справядлівым і суразмерным здзейсненаму  злачынству, памеру нанесенай шкоды дзяржаўнаму прадпрыемству, а таксама адпавядаць мэтам і задачам крымінальнай адказнасці і паслужыць урокам іншым для папярэджання адпаведных злачынстваў у будучым», — сказаў Багданаў.
 

Прадстаўнік дэпартамента дзяржуласнасці Кіраўскай вобласці заявіў падчас спрэчак, што пацярпелыя па справе супраць Навальнага згодныя з тым, што яго віна па справе аб крадзяжах даказана падчас судовага працэсу ў Кіраве.
 

Адвакат Навальнага Вольга Міхайлава заявіла, што ў абвінавачвання «няма рэальных доказаў і таму гэты працэс носіць палітычную мэту дыскрэдытаваць грамадскага дзеяча».
 

Міхайлава ўпэўненая, што ўсе дзеянні Навальнага былі строга ў рамках яго службовых паўнамоцтваў. Яна нагадала паказанні губернатара Мікіты Белых, які пацвердзіў, што рэальных паўнамоцтваў у Навальнага не было, толькі аналізаваць, вывучаць, падказваць, раіць. Таксама адвакат нагадала, што ў «Кіраўлеса» на момант нібыта здзяйснення  злачынства былі страты ў 200 мільёнаў рублёў.
 

Адвакат заявіла, што «працэс па справе ў дачыненні да яе падабароннага незаконны». «Разгляд крымінальнай справы ў Ленінскім судзе горада Кірава наглядна пацвердзіў, што прад'яўленае Навальнаму абвінавачванне цалкам супярэчыць нормам дзеючага заканадаўства», — сказала яна.
 

Як сказала адвакат, бок абвінавачвання не прадставіў ніякіх канкрэтных доказаў, дзе, калі, каму, пры якіх абставінах Навальны даваў канкрэтныя ўказанні аб здзяйсненні злачынных дзеянняў, і ў чым менавіта выявілася яго роля як арганізатара злачынства. Міхайлава лічыць, што доказы, даследаваныя ў ходзе працэсу, пацвярджаюць, што факт  злачынства не меў месца. «Так, у ходзе разгляду не было прыведзена ні аднаго доказу, які пацвярджае пазіцыю абвінавачвання аб арганізацыі Навальным растраты», — сказала яна.
 

Адвакатка звярнула ўвагу суддзі на тое, што абароне было адмоўлена ў правядзенні значных і важных экспертыз па справе, якія суд палічыў немэтазгоднымі. Пры гэтым, падкрэсліла Міхайлава, «на падставе праведзеных экспертыз, раней крымінальная справа ў дачыненні да Навальнага ўжо спынялася».
 

Сам Навальны падчас перапынку заявіў журналістам, што не здзіўлены выступам пракурора і чакае абвінаваўчага прысуду: «Я не здзіўлены, а што можна было яшчэ чакаць, думаю, дадуць гадоў пяць ці шэсць».

Паводле расійскіх СМІ