Прэзідэнт ФІФА Блатэр — ахвяра змовы?

Пасля пераабрання ў пятніцу 29 мая на Кангрэсе ФІФА ў Цурыху на чарговы пяты тэрмін прэзідэнтам арганізацыі Ёзафа Блатэра, не заціхае карупцыйны скандал, у якім «засвяціліся» больш за дзясятак карупцыянераў-чыноўнікаў гэтага буйнейшага спартовага саюза.



karynablater.jpg

Жарсці распальваюць і расійскія медыя, якія актыўна цытуюць выказванні прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў абарону Блатэра, чым дадаткова ўзмацняюць падазрэнні ў заангажаванасці вышэйшага расійскага істэблішмента ў карупцыйныя схемы. Прынамсі, у частцы задавальнення заяўкі Расіі на правядзенне Чэмпіянату свету-2018.
Бі-Бі-Сі у матэрыяле «Блатэр зрабіўся ахвярай змовы» асвятляе пункт гледжання на праблему дачкі нязменнага кіраўніка ФІФА апошніх дзьвух дзесяцігоддзяў, Карыны Блатэр.
Карына Блатэр перакананая, што пра скандал хутка ўсе забудуць: «Ніхто не бязгрэшны, але... ён не той чалавек, які бярэ грошы».
На пытанне, ці з’яўляецца Блатэр ахвярай змовы, Карына Блатэр адказала, што «Я б не сказала, што гэта [справа рук] амерыканцаў або брытанцаў, але, несумненна, тут замяшаныя людзі, якія працавалі закулісна».
«Я не ведаю, ці можна іх назваць цёмнымі сіламі, але яны вельмі таму пасадзейнічалі. Яны намагаліся дасягнуць эфекту яшчэ ў верасні і кастрычніку мінулага года. Прыкладам, як можа УЕФА, частка ФІФА, заяўляць – «мы самая магутная канфедэрацыя», і пры гэтым не вылучаць свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта?» - пытаецца дачка Блатэра.
У верасні 2014 г. на Зэпа (Ёзафа) Блатэра аказваўся ціск з тым, каб ён сышоў у адстаўку пасля яго адмовы апублікаваць вынікі расследавання абвінавачванняў у карупцыйным спосабе прыняцця рашэнняў аб месцы правядзення ЧС-2018 (у Расіі) і ЧС-2022 (у Катары).
Больш за тое, днямі старшыня футбольнай федэрацыі Англіі Грэг Дайк заклікаў прэзідэнта УЕФА Мішэля Плаціні аб’яднаць футбольную Еўропу і разам байкатаваць Чэмпіянат свету 2018 года ў Расіі.
Адначасова прэса Паўднева-Афрыканскай Рэспублікі паведаміла, што Паўднёвая Афрыка і на самай справе заплаціла 10 мільёнаў долараў чыноўнікам кіраванага Блатэрам сусветнага футбольнага саюзу за права правесці ў сябе ЧС-2010. Да гэтага часу ПАР абвінавачванні адмаўляла.
Карына Блатэр не згодная, што падзеі апошніх дзён падарвалі рэпутацыю яе бацькі. «Усё рабілася толькі для таго, каб яго дыскрэдытаваць, каб ён сышоў у адстаўку. Магу вас запэўніць: праз два-тры тыдні ніхто пра гэта больш не будзе гаварыць», — заявіла яна.
«На паверхню ўсплывуць іншыя навіны, і ён працягне нармальна працаваць. Ён сам сказаў на прэс-канферэнцыі пасля Кангрэсу, што пасяджэнне новага Савета ФІФА прайшло выдатна, і што ўсе будуць працаваць разам. Ён застаецца прэзідэнтам і для тых, хто не галасаваў за яго [большасць федэрацый самых футбольных кантынентаў — Лацінскай Амерыкі і Еўропы, апрача Расіі], і яны цяпер будуць працаваць разам», — падвяда вынік Карына Блатэр.
Паводле Бі-Бі-Сі