Расія. На «фізіялагічную скульптуру» Леніна ў 2016 годзе выдаткуюць 13 мільёнаў рублёў
Падтрыманне "прыжыццёвага аблічча" Уладзіміра Леніна будзе каштаваць расійскім падаткаплацельшчыкам у 2016 годзе 13 мільёнаў рублёў. Кантракт размешчаны на партале дзяржзакупак.
На захаванне "прыжыццёвага аблічча" забальзамаванага цела памерлага ў 1924 годзе Уладзіміра Леніна ў 2016 годзе будзе выдаткавана 13 081 500 рублёў, паведамляе Deutsche Welle.
Пра гэта паведамляецца на сайце дзяржзакупак Расійскай Федэрацыі ў аўторак, 12 красавіка. Па замове Федэральнай службы аховы будуць праведзеныя "медыка-біялагічныя працы па захаванні прыжыццёвага аблічча цела У.І. Леніна". Крыніца фінансавання — Федэральны бюджэт РФ.
"Месца дастаўкі тавару, выканання работ і аказання паслуг — Расійская Федэрацыя, Масква, 103986, Крэмль, д. 9", — пазначана на сайце. Работы будуць выконвацца "рэгулярна" на працягу 2016 года. Падрабязнасці не ўдакладняюцца.
Ленін памёр 21 студзеня 1924 года. Яго цела забальзамавалі і змясцілі ў адмыслова пабудаваны маўзалей на Чырвонай плошчы ў Маскве. Усяго маўзалеяў для "фізіялагічнай скульптуры" Леніна за ўсю гісторыю было тры.
Парэшткі савецкага правадыра падвяргаюць бальзамаванню кожныя паўтара года, працаёмкая працэдура доўжыцца два месяцы. Дыскусія пра пахаванне вядзецца ў Расіі з часоў распаду Савецкага Саюза.