Вясновая прамыўка мазгоў

У цяжкія часы звычайна найперш скарачаюцца рэкламныя бюджэты і скасоўваюцца розныя прома-акцыі. Але гэта не пра нашу ўладу. Беларусаў чакае некалькі прапагандысцкіх кампаній.

pt2.jpg


Адзін з папярэдніх візітаў расійскх журналістаў на прадпрыемства «Конте Спа» ў Гродна. fotobelta.by
Адна з іх ужо адбылася. На тыдні ў нашай краіне, па старой завядзёнцы, высадзіўся дэсант расійскіх журналістаў. Больш за 30 чалавек — расійскіх блогераў, рэпарцёраў цэнтральных і рэгіянальных тэлеканалаў, а таксама друкаваных выданняў — два дні ездзяць за дзяржаўны кошт па Гомельскай вобласці. Яны наведваюць Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, мемарыяльны комплекс на месцы канцлагера ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, Музей народнай творчасці ў горадзе Ветка, некаторыя іншыя аб’екты сацыяльнай сферы. Былі запланаваныя экскурсіі ў рэспубліканскі навукова-вытворчы цэнтр РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, на прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку ААТ «Спартак», ААТ «Мілкавіта» і ПУП «Гомельская ўніверсальная база».
Самае цікавае, што тэма паездкі — «30 гадоў аварыі на ЧАЭС. Рэабілітацыя пацярпелых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Развіццё малых гарадоў Беларусі». Якім чынам палацава-паркавы ансамбль, музей народнай творчасці і ПУП «Гомельская ўніверсальная база» датычаць Чарнобыля — незразумела.
Раней не было назвы гэтай з’яве, але дзякуй расіянам: пасля іх канцэпцыі «рускага свету» мы знайшлі вызначэнне. Гэта — прапаганда «беларускага свету». Яны потым пішуць, як цудоўна Беларусь выжывае ва ўмовах крызісу, якая тут файная эканамічная мадэль, якія адкрытыя і ветлівыя людзі, дагледжаныя гарады і працуючыя прадпрыемствы… І нельга ім, рускім, страціць такую шчырую і ўдзячную сяброўку. А значыць — трэба даць ёй яшчэ крэдытаў і зніжку на газ. Прапаганда беларускай мадэлі і беларускага ладу жыцця, «сацыяльна арыентаванай дзяржавы» — што гэта, як не «беларускі свет»?
Лукашэнка не першы раз скарыстоўвае расійскіх журналістаў для прапаганды «беларускага свету». Але раней візіты прадстаўнікоў расійскіх СМІ праходзілі на фоне «газавых скандалаў», «малочных войнаў» і гэтак далей. Зараз у нашых адносінах з Расіяй усё ціха і лагодна. Што ж тут робяць расійскія журналісты?
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі кажа, што запрашэнне расійскіх прадстаўнікоў СМІ — для Лукашэнкі больш рытуал, чым дамаганне нейкіх глабальных мэтаў. На ягоную думку, «не трэба хварэць беларусацэнтрызмам». «Для расійскіх медыяў Беларусь — не першасная тэма, і інтарэс да яе абвастраецца падчас канфліктных сітуацый», — заўважае палітолаг. Яскравы прыклад — нядаўні ўдзел міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў пасяджэнні Савета міністраў краін СНД. «Не пра лёс СНД у яго пыталіся, а пра расійскую авіябазу ў Беларусі і пра Крым», — адзначае эксперт.
«Тэндэнцыя цяпер такая, што Беларусь і яе кіраўнік у расійскіх медыях малююцца ў негатыўных тонах — пастаянна гучаць нейкія папрокі і падазрэнні ў здрадзе. Кажуць, што Лукашэнка перабягае на Захад, гадуе тут нацыяналістаў. Таму расійскія медыі сёння не нацэленыя на тое, каб піярыць сацыяльную мадэль Лукашэнкі», — лічыць Класкоўскі.
Пры гэтым ён зазначыў цікавы момант: калі раней у Беларусь запрашалі пераважна прэсу, то зараз у складзе дэлегацыі блогеры, якія працуюць на іншую аўдыторыю.
Але наперадзе ў нас яшчэ дзве прапагандысцкія падзеі. Першая — адносна танны і бяскрыўдны выступ Аляксандра Рыгоравіча з пасланнем беларускаму народу і парламенту, які павінен адбыцца напрыканцы красавіка. І другая, з нявызначанай датай, не такая ўжо і танная — Усебеларускі народны сход.

img_0216.jpg


І ад гэтых акцый Класкоўскі таксама не чакае «ідэалагічных прарываў». «Аляксандр Лукашэнка — чалавек савецкага складу, былы ідэалагічны работнік, яму важна падтрымаць рытуал. Выступ са справаздачай у парламенце закладзены ў Канстытуцыі. А што да Усебеларускага сходу, то, мне здаецца, аўтарытарны лідар думае найперш пра сябе: імкнецца паказаць, што насуперак нягодам усё ў нас нармальна, правадыр па-ранейшаму моцны і ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Але ў сённяшняй сітуацыі Усебеларускі народны сход будзе вельмі натужным мерапрыемствам. Яно заўжды было фальшывым, а тут «абраным» прадстаўнікам народа давядзецца ўхваляць павышэнне камуналкі, пенсійнага ўзросту. І гэта будзе вельмі няўдзячная задача», — зазначае палітолаг.
Пры тым, эфектыўнасць гэтай прапаганды застаецца пад вялікім пытаннем, зазначае эксперт. «У адрозненні ад Расіі, у нас, як паказваюць сацыялагічныя апытанні, усё ж лядоўня перамагае тэлевізар. Як паказала сакавіцкае апытанне НІСЭПД, блізу паловы насельніцтва вінавацяць урад і прэзідэнта ў эканамічным крызісе», — кажа Класкоўскі.
А таму задача замбавання насельніцтва абвастраецца. На гэта ўлады не шкадуюць грошай, — ашчаджаюць на чым заўгодна, але не на ідэалагічных акцыях.