Рэфармуй — не рэфармуй. Усё адно атрымаецца...
Улада абяцае паступовыя рэформы, якія, паводле яе разлікаў, павінны як мінімум улагодзіць абстаноўку. Аднак, як сведчыць гісторыя, падобныя манеўры часта мелі непрадказальны вынік.

Берлінская сцяна. Фота rusmonitor.com
Хаця анансаваны Лукашэнкам пакет канстытуцыйных рэформаў вядомы толькі ў агульных контурах (улады абяцаюць узмацненне заканадаўчай галіны ўлады і мясцовага самакіравання), палітолагі актыўна спрачаюцца пра больш канкрэтныя дэталі магчымага будучага палітычнага ладу Беларусі.
Дамінуе меркаванне, што нас чакае нешта накшталт аналагу расійскай палітычнай мадэлі, якая дапускае адносна сумленныя выбары і прысутнасць умеранай апазіцыі ў парламенце. Хутчэй за ўсё, у Асноўным законе будуць таксама прапісаныя гарантыі прававога імунітэту для кіраўніка пасля завяршэння яго кадэнцыі. Таксама ў тэксце будучага варыянта Канстытуцыі варта чакаць замацаванне геапалітычнага выбару на карысць Масквы.
У прынцыпе, у прыкладна тых самых межах збіраліся рэфармаваць свае сістэмы і шмат камуністычных элітаў некаторых усходнееўрапейскіх краін у другой палове 1980-х гадоў. Прызнаючы бесперспектыўнасць аўтарытарнай сацыялістычнай мадэлі, камуністы былі зусім не супраць, каб трошкі адкруціць гайкі, каб гарантаваць сабе далейшую прапіску ва ўладных кабінетах.
Пры гэтым камуністамі-рэфарматарамі была дапушчана стратэгічная памылка. Спакуса чарговай «адлігі» ўжо не прыцягвала людзей. Грамадства патрабавала кардынальных зменаў. У выніку, калі працэсы асцярожнай дэмакратызацыі стартавалі, камуністы хутка гублялі над імі кантроль. Наадварот, пад ціскам грамадства даводзілася самім радыкалізоўваць палітычную павестку.
Зрэшты, недзе такія рэформы нават не паспелі стартаваць. Напрыклад, у Чэхаславакіі да канца 1989 года ў нетрах дзяржапарату і спецслужбаў саспела разуменне непазбежнасці пераменаў і запыт на мяккі транзіт улады ад сталіністаў-артадоксаў да менш адыёзнай часткі кіруючай наменклатуры. Але ўсе схемы такога транзіту былі пахаваныя цунамі шматтысячных дэманстрацый студэнтаў у лістападзе 1989-га. На дзясяты дзень пратэстаў больш за палову дэмаралізаваных чальцоў Цэнтральнага камітэта кампартыі сышло ў адстаўку. Яшчэ праз тыдзень быў сфарміраваны ўрад нацыянальнай згоды з удзелам апазіцыі.
Цікавую фішку для таго, каб застацца ва ўладзе, прыдумалі польскія камуністы. У адпаведнасці з пагадненнямі круглага стала — дамовы паміж урадам і апазіцыяй, — пасада прэзідэнта Польшчы на бліжэйшыя шэсць гадоў рэзервавалася за іх лідарам генералам Войцэхам Ярузэльскім. Пры абранні ніжняй палаты — Сейма — уводзіліся гарантаваныя квоты для партыі камуністаў, яе сатэлітаў і афіцыйных каталіцкіх арганізацый. За імі рэзервавалася 65% месцаў у ніжняй палаце (299 мандатаў). Пры гэтым 35% дэпутатаў (161 мандат) абіраліся на альтэрнатыўнай аснове. Толькі Сенат павінен быў абірацца цалкам дэмакратычна.
Аднак уся гэтая хітрая прававая канструкцыя павалілася на выбарах 4 чэрвеня 1989 года. Яны завяршыліся пераканаўчай перамогай кандыдатаў ад прафсаюза «Салідарнасць». Апазіцыя атрымала амаль усе месцы ў сенаце і ўсе мандаты дэпутатаў Сейма, якія абіраліся на альтэрнатыўнай аснове. Вынікі выбараў паставілі пад пытанне легітымнасць камуністычнага рэжыму. Апошні камуністычны прэм’ер-міністр так і не здолеў сфарміраваць урад, перадаўшы гэта права дэмакратам. Што да Ярузэльскага, то ён заставаўся прэзідэнтам да снежня 1990 года, калі яго змяніў Лех Валенса.
Канфузам скончыліся і спробы ўсходненямецкіх камуністаў застацца ва ўрадавых кабінетах за кошт саступак. Гэтыя саступкі ў асноўным тычыліся правілаў выезду ў Заходнюю Германію для грамадзян ГДР. Для гэтага ўсходнім немцам быў патрэбны дазвол уладаў. Таму ўлетку 1989-га тысячы грамадзян ламануліся ў іншыя ўсходнееўрапейскія краіны ў надзеі патрапіць адтуль у ФРГ праз заходненямецкія дыпламатычныя ўстановы.
Каб збіць калектыўную моду на эміграцыю, увечары 9 лістапада ў прамым эфіры тэлебачання прадстаўнік ураду ГДР абвясціў новыя правілы выезду і ўезду з краіны. Згодна з прынятым рашэннем, з наступнага дня грамадзяне ГДР маглі вольна атрымаць візы для неадкладнага наведвання Заходняга Берліна і ФРГ. Натхнёныя навіной, сотні тысяч усходніх немцаў, не чакаючы прызначанага тэрміну, накіраваліся да мяжы і пры поўнай апатыі памежнікаў прарваліся на той бок кардону. Берлінскі мур разбурыўся, а разам з ім пачаўся і дэмантаж ГДР.
Цікавую камбінацыю распрацавалі ў 1989-м улады Балгарыі. Тут вырашылі нічога не змяняць, акрамя кіраўніка кампартыі Тодара Жыўкава. Апошні сапраўды быў сімвалам старога рэжыму, і займаў пасаду фактычнага кіраўніка краіны з 1954 года. Паводле разлікаў улады, адстаўка Жыўкава павінна была задаволіць запыт грамадства на перамены. Аднак змена шматгадовага кіраўніка краіны не супакоіла балгараў, а наадварот, прывяла да стыхійнай лібералізацыі грамадскага жыцця, масавых мітынгаў і фарміравання новых палітычных сіл. У чэрвені 1990 года ў краіне прайшлі першыя свабодныя выбары з 1931 (!) года. Іх выйграла партыя сацыялістаў (так называліся былыя камуністы), аднак ініцыятыва засталася на баку дэмакратаў, якія кантралявалі вуліцу і мясцовыя муніцыпалітэты. Хутка ўрад сацыялістаў быў вымушаны падаць у адстаўку, нягледзячы на дэпутацкую большасць.
Як бачым, спробы супакоіць грамадства за кошт касметычнага рамонту палітычнай сістэмы могуць мець непрадказальныя наступствы — у тым ліку для іх аўтараў. Сыходзячы з досведу трансфармацыі сацыялістычных краін, можна, хутчэй, сцвярджаць, што падачкамі і паўмерамі вырашыць сістэмны палітычны крызіс наўрад ці атрымаецца. У лепшым выпадку, гэта будзе толькі адтэрміноўка.