Суд прыгаварыў да 2-х месяцаў арышту ўсіх затрыманых падчас бойкі на Банкавай
На два месяцы арыштавалі ўсіх дзевяць актывістаў, якіх вінавацяць у масавых беспарадках на вуліцы Банкавай, каля адміністрацыі прэзідэнта. Такое рашэнне прыняў Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева, пасяджэнне якога працягвалася да двух гадзін ночы.
Затрыманым інкрымінуюць арганізацыю масавых акцый або актыўны ўдзел у іх. Абвінавачванне вылучылі на аснове паказанняў пацярпелых праваахоўнікаў. На судзе іх не было. Затое абарона запэўнівае — ні адзін з затрыманых не ўдзельнічаў у збіцці. Сябар аднаго з падазраваных заявіў — беркутаўцы трымалі пратэстуючых на асфальце тры гадзіны. Ва ўсіх актывістаў — траўмы, у некаторых — чэрапна-мазгавыя. Відавочцы расказваюць: пасля затрымання сілавікі фатаграфаваліся са збітымі, ставілі ногі на галовы тых, хто ляжаў без прытомнасці.
Падчас судовага пасяджэння аднаму з хлопцаў стала дрэнна і яму давялося выклікаць
хуткую. Не змякчыла рашэнне суда і тое, што чацвёра з затрыманых узялі на парукі
народныя дэпутаты. Ім адмаўлялі, у прыватнасці, на той падставе,
што хадайніцтва было аформлена не на афіцыйным бланку народнага выбранніка.
Наталля Дарашэнка, адвакат: «Гэта не толькі ненармальнае і нелегітымнае рашэнне. Гэта рашэнне, якое парушае ўсе нормы дзеючага крымінальна-працэсуальнага кодэкса, Еўрапейскай канвенцыі аб абароне свабод чалавека».