Швецыя: 25% кошту электраровараў прафінансуе дзяржава

На працягу наступных трох гадоў у грамадзян Швецыі будзе добры стымул набыць электрычны ровар. Дзяржава мае намер штогод выдзяляць 35 млн еўра на пакрыццё часткі кошту пакупкі.

image14.jpeg


Новая дзяржаўная праграма прадугледжвае вылучэнне 1050 млн швецкіх крон (або каля 105 млн еўра) бюджэтных сродкаў на працягу наступных трох гадоў (2018-2020) на стымуляванне рынка электрычных ровараў. Субсідыі пакупнікам электраровараў пачнуць выплачваць ужо з 1 студзеня 2018 года. Згодна з умовамі праграмы, на працягу года грамадзянін (які дасягнуў узросту 15 гадоў) можа на ільготных умовах набыць толькі адзін электраровар. Дзяржава гатова пакрыць да 25% ад яго кошту, пры ўмове, што максімальная сума субсідыі не будзе перавышаць 1000 еўра.
Еўрапейская асацыяцыя веласіпедыстаў адзначае, што гэты план стаў магчымым дзякуючы актыўнай працы грамадскай арганізацыі «Cykelfrämjandet», якая аб'ядноўвае аматараў і прыхільнікаў веласіпеднага транспарту ў Швецыі. Асаблівая роля ў лабіяванні новай праграмы на нацыянальным узроўні належыць кіраўніку вышэйзгаданай арганізацыі г-ну Ларсу Стромгрэну.
У сваім артыкуле пра поспех падобнай праграмы, якая стартавала крыху раней у суседняй Нарвегіі, Ларс Стромгрэн заўважыў, што чалавек, які купляе электраровар па зніжаным кошце, набывае нешта большае, чым проста двухколавы сродак руху. Электравеласіпед адкрывае перад яго уладальнікам новыя магчымасці — можна ездзіць далей, даўжэй і часцей. «Кожны новы ўдзельнік які набывае электравеласіпед у рамках праграмы азначае памяншэнне штодзённых выкідаў СО2 у атмасферу на 440-720 грамаў», — піша ён.
Падобныя праграмы ўжо запушчаны ў Францыі (субсідыя пры куплі электравеласіпедаў складае тут 200 еўра) і ў Нарвегіі (сума максімальнай субсідыі дасягае эквівалента ў 1200 долараў ЗША і распаўсюджваецца на грузавыя электравеласіпеды).
greenbelarus.info