Туркменістан. Забараніць бікіні і шорты?
У Туркменістане забаранілі ўвозіць для продажу жаночыя купальнікі-бікіні і шорты. Пра гэта паведамілі гандляры адзеннем.
![613hdpbxv7l._sx425_.jpg 613hdpbxv7l._sx425_.jpg](/img/v1/images/613hdpbxv7l._sx425_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Афіцыйных каментараў няма, аднак супрацоўнікі мытнай службы на ўмовах ананімнасці кажуць пра кампанію змагання за мараль. Маўляў, улады вырашылі, што туркменскім дзяўчатам не варта насіць купальнікі.
Між тым, з набліжэннем лета попыт на гэтае адзенне толькі расце. Варта адзначыць, што летам тэмпература ў Туркменістане можа дасягаць 50 градусаў.
Трэба дадаць, што разнастайныя абмежаванні наконт знешняга выгляду грамадзян туркменскімі ўладамі ўводзяцца даўно. Пэўны час у рэспубліцы дзейнічалі забароны нават на залатыя зубы.
Праца над абліччам жыхарак рэспублікі актывізавалася ў сакавіку гэтага года, калі жанчынам — супрацоўніцам дзяржустаноў забаранілі цэлы шэраг папулярных касметычных працэдур, у тым ліку фарбаваць і нарошчваць пазногці, а таксама фарбаваць валасы ў белы колер. У сувязі з гэтым туркменская мытня перастала прапускаць у краіну светлыя фарбы для валасоў, а таксама сродкі для меліравання.
Паводле туркменскай прэсы