У Кабуле забітыя дзве жанчыны-суддзі Вярхоўнага суда Афганістана

Афганскія афіцыйныя асобы заявілі 17 студзеня, што ў Кабуле былі застрэленыя дзве жанчыны-суддзі Вярхоўнага суда, піша Радыё Свабода.

8cd121ae_8e6c_482c_bf08_26ae1c9886c7_w1023_r1_s.jpg

Прадстаўнік суда паведаміў, што загінулыя накіроўваліся на працу, калі невядомыя напалі з засады і абстралялі іх службовы аўтамабіль. Гарадская паліцыя пацвердзіла, што ў выніку нападу былі параненыя трэцяя жанчына-суддзя і кіроўца аўтамабіля. Пакуль ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за атаку. Прадстаўнік Талібану адпрэчыў дачыненне руху да забойства.
Афганскія ўлады паведамілі, што ў цяперашні час у краіне налічваецца каля 250 жанчын-суддзяў і каля 400 жанчын-пракурораў. Гэтая атака стала чарговым забойствам, ахвярамі якіх становяцца афіцыйныя асобы, палітыкі, пракуроры, лекары, журналісты і актывісты грамадзянскай супольнасці, адзначае «Голас Амерыкі». Як правіла, інцыдэнты адбываюцца ў Кабуле і яго наваколлі, і ў большасці выпадкаў ніхто не бярэ за іх адказнасць.
Асудзіўшы забойства жанчын-суддзяў, прэзідэнт Ашраф Гані зноў абвінаваціў Талібан у тым, што ён стаіць за серыяй смяротных інцыдэнтаў. Паўтарыўшы заклік да паўстанцаў абвясціць спыненне агню, афганскі лідар падкрэсліў, што «гвалт і тэрарызм» не з'яўляюцца рашэннем праблемы.
Са свайго боку, дадае «Голас Амерыкі», Талібан абвінавачвае ўрад у Кабуле ў падрыхтоўцы мэтанакіраваных забойстваў з мэтай зганьбаваць групоўку і падарваць ўнутрыафганскія мірныя перамовы пры пасярэдніцтве ЗША.