
Капітан па прозвішчы Чхвэ быў пакараны смерцю ў сярэдзіне кастрычніка ў прысутнасьці каля 100 чалавек з рыбалавецкай базы ў партовым горадзе Чхонджын. Асуджаны прызнаўся, што больш за 15 гадоў слухаў замежныя радыёстанцыі, найперш «Радыё Свабодная Азія». Ён пачаў гэта рабіць у войску, дзе служыў радыстам.
Звольнілі адміністрацыю рыбалавецкай базы, яе партыйных кіраўнікоў, а таксама супрацоўнікаў службаў бяспекі, якія давалі дазвол на працу Чхвэ ў адкрытым моры. Улады Паўночнай Карэі робяць надзвычайныя захады, каб ізаляваць насельніцтва ад інфармацыі звонку, але выхады ў адкрытае мора дазваляюць рыбакам і маракам слухаць забароненыя радыёперадачы.
Крыніцы Радыё Свабодная Азія расказалі, што Чхвэ груба паводзіў сябе ў адносінах да некаторых падначаленых. Адзін з іх вырашыў яму адпомсціць і данёс уладам, што той слухае замежнае радыё.
Паводле «Свабоды».