У Каіры адкрылі агонь па прыхільніках Мурсі

Па меншай меры тры прыхільніка зрынутага прэзідэнта Егіпта былі забітыя, калі натоўп маршыраваў на казармы, дзе ўтрымліваецца Мурсі.



mideast_egypt_353_630x420.jpg

Некалькі дзясяткаў чалавек таксама былі параненыя ў выніку абстрэла.
 

«Адзін пратэстовец адарваўся ад мітынгу, каб прымацаваць плакат у абарону Мурсі на калючы дрот вакол казармаў. Ён быў забіты стрэлам у галаву», — перадае карэспандэнт Аль-Джазіра.
 

Казармы Рэспубліканскай гвардыі былі ачэплены сіламі бяспекі, але цяжка сказаць, хто адкрыў агонь.
 

Прадстаўнік арміі адмаўляе, што войскі адкрылі агонь па прыхільніках Мурсі, заявіўшы, што салдаты выкарыстоўвалі толькі халастыя патроны і слёзацечны газ. Няясна, ці прысутнічалі на месцы падзеяў іншыя сілы бяспекі, акрамя арміі.

У сталічным раёне Наср-Сіці тысячы прыхільнікаў Мурсі сабраліся ў знак пратэсту супраць яго адстаўкі ў выніку вайсковага перавароту.
 

Адзін з кіраўнікоў арганізацыі Браты-мусульмане Мухамед эль-Бельтагі сказаў пратэстоўцам: «Вашы браты зараз знаходзяцца каля казармаў Рэспубліканскай гвардыі, спрабуючы дапамагчы прэзідэнту Мурсі выйсці на волю. Але іх сустрэлі баявымі патронамі... Я заклікаю вайскоўцаў адправіць у адстаўку міністра абароны і вярнуць уладу прэзідэнту Мурсі. Мы збіраемся прыйсці да казармаў як пакутнікі і нас будзе мільён. Прэзідэнт Мурсі павінен вярнуцца да ўлады», — сказаў ён.

Паводле Аль-Джазіры