У Маскве знойдзены архіў польскай даваеннай выведкі

Паводле міжнароднага права, Расія павінна вярнуць Польшчы гэтыя дакумэнты, але не хоча.



c6558b7.jpg

Нямецкія гісторыкі знайшлі ў Расеі дакументы даваенных польскіх разведвальных службаў і паліцыі. Паводле міжнароднага права, Масква павінна вярнуць архіў палякам, але не хоча, паведамляе выданне „Gazeta Wyborcza”.

Гаворка ідзе пра двойчы прысвоеныя дакументы. У 1939 годзе большасць архіваў польскіх разведвальных службаў, якія па розных прычынах не былі знішчаныя, захапілі гітлераўцы. Гэта была сапраўдная катастрофа, паколькі на іх падставе Гестапа магло высачыць і ліквідаваць польскіх агентаў.

У сваю чаргу, у 1945 годзе дакументы, якія пратрывалі вайну, амаль поўнасцю захапіла Чырвоная Армія і НКУС. Уладам ПНР удалося вярнуць назад толькі невялікую іх частку, дарэчы, найменш важную.

Нейкую частку архіваў, якія заставаліся ў Маскве, польскім гісторыкам удалося скапіяваць у 90-я гады. Аднак большасць надалей застаецца для іх недаступнай.

Тым часам нямецкія гісторыкі, якія ў расійскіх архівах шукаюць уласныя дакументы, знайшлі амаль 20 польскіх тамоў.

„Гэта першы амаль за 20 апошніх гадоў след архіваў польскіх службаў”, — падкрэслівае дырэктар Цэнтральнага вайсковага архіва Анджэй Чэслаў Жак. Польскія даследчыкі пра гэтыя дакументы нічога не ведалі.

Паводле Жака, у расейскіх архівах могуць знаходзіцца тысячы тамоў дакументаў польскіх разведвальных службаў ды польскіх даваенных установаў.

„А таксама архівы Польскага Каралеўства, якія расейцы вывезлі з Варшавы падчас Першай Сусветнай вайны”, — кажа дырэктар Цэнтральнага вайсковая архіва.

Тым часам нямецкія навукоўцы, якія маюць доступ да расійскіх архіваў, капіруюць дакументы і публікуюць іх у інтэрнэце. Ужо вядома, што на іх падставе адразу пасля вайны саветы маглі высочваць і ліквідаваць польскіх агентаў, а таксама помсціць іхным сям’ям.

Паводле міжнароднага права, Расія павінна вярнуць палякам архіў, але Масква на гэта не пагаджаецца, хоць падобныя дакументы, якія гітлераўцы вывезлі з Нідэрландаў, Францыі ды Бельгіі, яна вярнула, паведамляе выданне „Gazeta Wyborcza”.

www.radyjo.net