«Усе гэтыя людзі сядзяць за нас». У Вільні прайшоў дзень салідарнасці з беларускімі жанчынамі
16 ліпеня Святлана Ціханоўская абвясьціла днём салідарнасці з беларускімі жанчынамі. З гэтай нагоды на Лукішскім пляцы ў цэнтры Вільні прайшла акцыя з чытаннем лістоў палітзняволеных жанчын, арганізатарам якой стаў офіс Святланы Ціханоўскай. Як гэта было, распавядае «Радыё Свабода».
«Мы вельмі хочам, каб міжнародная супольнасць памятала пра крызіс у Беларусі, пра нашу мірную барацьбу за свабоду. Цяпер мы вырашылі правесці акцыю ў падтрымку беларускіх жанчын, бо 16 ліпеня 2020 года аб'ядналіся штабы – гэтае рашэнне Марыя Калесьнікава, Вераніка Цапкала і Святлана Ціханоўская прынялі за 15 хвілін. Гэта важны момант для беларускай салідарнасці. А ў жніўні пачаліся жаночыя акцыі, нашыя цудоўныя беларускі выходзілі ў белым з кветкамі. Гэта вялікі сімвал мірнасці нашай барацьбы, як мы змагаемся за свабоду, за тое, каб спыніўся гвалт і ўсе палітвязні выйшлі на волю», – кажа Яна Паляшчук, спецыялістка ў міжнароднай камунікацыі офісу Святланы Ціханоўскай, каардынатарка імпрэзы.
Дзяўчына звяртае ўвагу, што ў краіне больш за 560 палітвязняў, лічба расце штодня.
«Сярод іх шмат жанчын – журналісткі, актывісткі, валанцёркі, многія іншыя. Таму мы вельмі хацелі нагадаць пра тое, што адбываецца ў беларускіх турмах. Беларускія жанчыны, мамы, сёстры, дочкі, жонкі не трапляюць на дні народзінаў сваіх дзяцей, яны не могуць граць на музычных інструментах, яны не могуць дыхаць свежым паветрам і гуляць па горадзе. І хацелася б, каб сённяшні дзень салідарнасці з беларускімі жанчынамі напомніў, што беларускія жанчыны цяпер пакутуюць і нам вельмі важна ім дапамагаць, вырашаць сітуацыю ў Беларусі».
У імпрэзе ўдзельнічала гродзенская акторка Наталля Лявонава, якая чытала ліст палітзняволенай Юліі Чарняўскай да яе дачкі.
«Юлія Вісарыёнаўна – мая любімая настаўніца, неймаверная. Гэта чалавек-космас, чалавек, які больш за ўсё любіць людзей. Яе лекцыі былі як сапраўдныя тэатральныя імпрэзы, ад яе нельга было адвесці вачэй. Яна такая прыгожая, яна сапраўды адзін з найлепшых людзей у маім жыцці. У Беларусі вельмі шмат неймаверных жанчын, якія робяць рэвалюцыю. Жанчыны наймацнейшыя. Мы верым, што ўсё будзе добра. Юлія Вісарыёнаўна, мы вас чакаем на свабодзе», – кажа Наталля Лявонава.
Палітолаг Таццяна Чуліцкая зачытала лісты актывісткі «Вясны» Марфы Рабковай і Анастасіі Булыбенка, якую сёння асудзілі на 2,5 года ў „справе студэнтаў“.
«Я чытала ліст Анастасіі да маці. Яна вельмі чулліва звяртаецца да мамы і кажа, што яе мама – сапраўднае свята, яна вельмі любіць яе. Я б хацела таксама ўзгадаць дзвюх сваіх каляжанак-экспертак Таццяну Кузіну і Валерыю Касцюгову, якіх абвінавачваюць у немагчымых рэчах. Усе гэтыя людзі сядзяць за нас, людзі з сэрцам у правільным месцы і глыбокім пачуццём справядлівасці. Калі мы іх не падтрымаем, то я не ведаю, хто гэта зробіць.
І хачу проста сказаць, што зараз у Беларусі адбываецца «Крыштальная ноч», калі грамяць недзяржаўныя арганізацыі, журналістаў, праваабаронцаў. Вельмі важна, каб людзі пра гэта ведалі, каб гэта не была для іх паралельная рэчаіснасць. Калі людзі па ўсім свеце будуць удзельнічаць у такіх акцыях – гэта будзе маральная дапамога ўсім у Беларусі», – кажа Таццяна Чуліцкая.