Велагонка ў Франкфурце адмененая з-за пагрозы тэракту
Паліцыя Германіі прыняла рашэнне адмяніць міжнародную веласіпедную гонку ў Франкфурце з-за апасенняў з нагоды магчымага тэрарыстычнага нападу.
У чацвер у Франкфурце была арыштаваная сямейная пара, у кватэры якой знайшлі зброю, у тым ліку бомбу і хімікаты для вытворчасці выбухоўкі.
Паліцыя мяркуе, што пара планавала зладзіць напад падчас штогадовай велагонкі, у якой удзельнічаюць прафесійныя веласіпедысты з усяго свету.
Арыштаваны мужчына падазраецца ў сувязях з ісламістамі, і яго некалькі разоў бачылі на маршруце велагонкі.
Улады пакуль не паведамляюць, дзейнічала пара самастойна або была часткай якой-небудзь групоўкі.