Welt am Sonntag: Берлін ўзмацніць барацьбу з расійскай прапагандай

Дзве найбуйнейшыя нямецкія спецслужбы прадставяць у маі ведамству федэральнага канцлера прамежкавы даклад аб дзейнасці расійскіх спецслужбаў у ФРГ.

russian_spy_1.jpg


Урад ФРГ мае намеры ўзмацніць супрацьдзеянне расійскім шпіянажу, прапагандзе і дэзінфармацыі ў Германіі, паведаміў у нядзелю, 3 красавіка, штотыднёвік Welt am Sonntag. Па яго звестках, ужо ў маі бягучага года Федэральная выведвальная служба (BND) і Федэральнае ведамства па ахове канстытуцыі (BFV) павінны прадставіць ведамству федэральнага канцлера прамежкавы даклад аб дзейнасці расійскіх спецслужбаў у ФРГ.

 

Заданне падрыхтаваць такі даклад кіраўнікі абедзвюх спецслужбаў атрымалі ў пачатку лютага ад статс-сакратара ў ведамстве федэральнага канцлера Клаўса-Дытэра Фрытша (Klaus-Dieter Fritsche), які кантралюе іх дзейнасць. Прычынай паслужыла разгорнутая Масквой прапагандысцкая кампанія, звязаная з паведамленнямі нібыта пра згвалтаванне «рускай дзяўчынкі», што здарылася ўзімку ў Берліне.

 

Штотыднёвік паведаміў таксама, што BND, акрамя таго, плануе аднавіць практыку «контршпіянажа», якая ўключае ў сябе вярбоўку агентаў замежных спецслужбаў і наступную працу з імі. Гэтая практыка была спыненая пасля тэрактаў, учыненых у ЗША 11 верасня 2001 года.

 

Акрамя таго, спецслужбы Германіі павінны высветліць, ці не аказвае Крэмль фінансавую падтрымку правапапулісцкім партыям, у прыватнасці «Альтэрнатыва для Германіі». «Пытанне аб расійскім уплыве ў Германіі востра стаіць на парадку дня, — заявіў у інтэрв'ю Welt am Sonntag эксперт па ўнутрыпалітычных пытаннях Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС) Ханс-Петэр Уль (Hans-Peter Uhl). — Стратэгія дэстабілізацыі, якая праводзіцца Масквой ва ўмовах, калі Еўрасаюз перажывае крызіс, небяспечная для нашай краіны. Структуры бяспекі павінны як мага хутчэй ўзмацніць назіранне за гэтым».

 

У сваю чаргу кіраўнік праграм Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў германскім таварыстве знешняй палітыкі (GDAP) Штэфан Майстер (Stefan Meister) у інтэрв’ю Welt am Sonntag папярэдзіў пра дзеянні Масквы, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў Германіі. «Расія падтрымлівае ў Германіі ўсе групы, якія імкнуцца аслабіць нашу дэмакратычную сістэму», — заявіў палітолаг.

 

За гэтай актыўнасцю, па яго меркаванні, стаяць і расійскія спецслужбы. Глеба для гэтага, паказаў Майстар, падрыхтавана ўжо даўно. Зараз нямецкія органы бяспекі старанна правяраюць, якія менавіта структуры створаныя для рэалізацыі планаў Масквы ў Германіі.

 

Deutsche Welle