Замежныя СМІ пра Беларусь: 8–14 чэрвеня

Паўторная заява міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу, якая была зробленая ім 4 чэрвеня ў Мінску пра базаванне ў хуткім часе палка расійскіх ВПС у Беларусі і пра пошук адпаведнага аэрадрома, ёсць сведчаннем таго, што беларускае кіраўніцтва паступова губляе рычагі вядзення самастойнай знешняй палітыкі. Спадзеючыся на далейшыя расійскія крэдыты і прэферэнцыі для ўмацавання ўласнай улады ў абмен на дыслакацыю трэцяга па ліку ваеннага аб’екта Расіі, Лукашэнка ўцягвае Беларусь у сферу ваенных гульняў Крамля з Захадам. «Deutsche Welle» (Германія)



smi4.jpg

У беларускіх чыноўнікаў цяпер развязаныя рукі. Яны і раней патрабавалі забараніць канцэрты «Рамштайн», Мэрыліна Мэнсана і Элтана Джона. З гэтага часу гэта зрабіць надзвычай проста: абвясціў групу «ідэйна чужой» — і справе канец. Акрамя таго, можна ўжо не папаўняць чорныя спісы забароненых музыкаў, дзе значацца беларусы «Ляпіс Трубяцкой», расійскія ДДТ і «Сплін». Ну а беларускай моладзі давядзецца ездзіць на канцэрты зорак у Расію ці Латвію. Што таксама не бяда — амаль усе «прасунутыя» беларусы даўно ўжо аддаюць перавагу не жыць у адной краіне з бацькам.

«Невское время» (Расія)

Трэба прызнаць, што беларуская дзяржава функцыянуе даволі эфектыўна. Гэта тычыцца не толькі культуры і ідэалогіі (апошняя тут не толькі існуе, але і маюцца афіцыйныя структуры, якія курыруюць дадзеную сферу), але і значна больш прыземленых рэчаў. За час працы медыяфоруму мы праехалі не адну сотню кіламетраў. І ўсюды — не толькі на асноўных аўтатрасах, але і ў глыбінцы — уздоўж бязмежных насычана-жоўтых рапсавых палёў і багатых лясоў цягнуцца проста ідэальныя па расійскіх мерках дарогі. Адчуваецца, што ў гэтым беларусы — не зусім рускія. Ці рускія, але якія дзіўным чынам здолелі зжыць нашу шматвяковую бяду.

«Культура» (Расія)

Эксперты тлумачаць цікавасць Мінска да дыялогу з Еўропай эканамічнымі праблемамі і ўзмацненнем ціску з боку Расіі з нагоды прыватызацыі. На гэтым тыдні стагнацыю ў эканоміцы прызнала нават Міністэрства эканомікі. «Ключавыя сектары эканомікі не дэманструюць росту ВУП... Ва ўсіх відах эканамічнай дзейнасці ў студзені-красавіку бягучага года адзначаецца тэндэнцыя запавольвання тэмпаў росту», — гаворыцца ў аглядзе міністэрства. Пра інфляцыйныя рызыкі папярэджваюць і міжнародныя эксперты. У прыватнасці, да 30% інфляцыі ў Беларусі прагназуюць аналітыкі Еўразійскага банка развіцця.

«Независимая газета» (Расія)

Наогул, тэма гомасэксуалізму і лесбіянства ў краінах Еўрасаюза і ЗША перыядычна падымаецца афіцыйным Мінскам у адказ на крытыку стану правоў чалавека ў Беларусі. Еўрапейцы кажуць Лукашэнку, што дрэнна, калі разганялі ліберальны натоўп. А Лукашэнка ім адказвае, што дрэнна, калі жэняцца мужыкі, а вы б’яце нармальных людзей. Так што ў грамадзян Францыі і ўсёй Еўропы ўжо ёсць салідны абаронца і заступнік у асобе непахіснага Лукашэнка. Мяркуем, і маральная падтрымка беларускага лідара ўжо шмат што значыць для пакрыўджаных французаў.

«Национальная идея» (Арменія)