Журналіст «КП» прапанаваў зладзіць ГУЛАГ для ўкраінскіх настаўнікаў, якія не хочуць супрацоўнічаць з РФ (відэа)

Журналіст Сяргей Мардан у эфіры радыё «Комсомольская правда» прапанаваў зладзіць «лакальны запарожскі ГУЛАГ» для настаўнікаў на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, якія адмаўляюцца супрацоўнічаць з расійскімі ўладамі. На дадзены момант у сацсетках радыёвядучага новы выпуск шоу не апублікаваны.

snimok_ekrana_ot_2019_10_07_22_04_46.png

Госць праграмы распавёў, што ў Мелітопалі кіраўнік прадпрыемства «Чысціня» знішчыў электронныя блокі кіравання, а новых запчастак для іх няма. У адказ Сяргей Мардан паспрабаваў высветліць, ці расстралялі гэтага чалавека або ці схапілі членаў яго сям'і. Ён знерваваўся, калі суразмоўца заявіў, што мужчына змог збегчы.

Па словах госця праграмы, «можна было б расстраляць», як хацеў Мардан, украінскіх настаўнікаў, якія адмовіліся выходзіць на працу з 1 верасня і вучыць дзяцей па расійскіх праграмах. Паводле яго даных, за гэта выкладчыкі атрымалі ад Украіны па тысячы долараў аднаразова і працягваюць атрымліваць па 200 тысяч у неназванай валюце штомесяц.

«І рыхтуюцца, значыць, вучыць дзетак салаўінай мове і гісторыі своеасаблівай дзяржавы Украіна з дапамогай дыстанцыйнага навучання з 1 верасня», — сцвярджаў суразмоўца.

Сяргей Мардан прапанаваў такіх настаўнікаў «не перакупляць» і сказаў, што «за грошы расстрэльваць, напэўна, не варта».

«Адабраць у іх крэдыткі, на якія яны атрымліваюць грошы, і прымусіць іх зжэрці. Выселіць іх з кватэр. Што-небудзь у духу нашага старога добрага ГУЛАГа. Яны чакаюць жа ГУЛАГа, дык дайце ім ГУЛАГ. Вось чаму не зладзіць такі невялікі лакальны запарожскі ГУЛАГ, зграбненькі, у стэпе пад пякучым сонцам? Для настаўнікаў, якія пакуль яшчэ не навучыліся нашу цудоўную радзіму любіць», — заявіў журналіст.

Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін сказаў выданню «Пад'ём», што папросіць Мардана патлумачыць свае словы ў эфіры. Паводое Сунгоркіна, проста закрыць праграмы журналіста будзе «неяк недэмакратычна».

«Так нельга, гэта перабор. Заклікі да ГУЛАГу — гульня вельмі небяспечная. Я Сяргею сказаў: калі да ГУЛАГу справа дойдзе, то цябе ж і расстраляюць у першых шэрагах, цябе ж у ГУЛАГ пасадзяць з фармулёўкай, што ты распальваў нянавісць паміж брацкімі ўкраінскім і рускім народамі», — адзначыў Сунгоркін.

Сам Мардан сцвярджае, што яго цытата была вырваная з кантэксту і на самай справе «ўсё не так сумна».

Паводле «Новай газеты».