Аляксандра Герасіменя: «Алімпійскае срэбра — не канец!»
Беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя адчувае сябе як рыба ў вадзе не толькі на дарожках галоўных басейнаў свету, але і на сушы, пад прыцэлам фота- і відэакамер. Штогод яна ахвотна прымае ўдзел у шматлікіх прэс-канферэнцыях і дае безліч інтэрв’ю.
Аляксандра Герасіменя
Дзякуючы сваёй шчырасці і адкрытасці, а таксама актыўнай жыццёвай пазіцыі, Аляксандра заваявала любоў мільёнаў нашых суайчыннікаў.
tbw.by, скарыстаўшыся вольнай хвілінай у шчыльным раскладзе знакамітай спартоўкі, зладзіла ёй невялічкую апытанку. Што з гэтага атрымалася — глядзіце ніжэй!
Мае спартовыя перамогі — гэта вынік … працы ўсёй маёй каманды: трэнера, псіхолага, урача, масажыста, біяэнергетыка. Кожны з іх зрабіў свой унёсак у маю падрыхтоўку!
Алімпійскае срэбра … адно з маіх вышэйшых дасягненняў — грэе душу, але не дае магчымасці спыніцца на дасягнутым.
Перад адказным стартам я заўсёды … фарбую пазногці! Гэта адцягвае ад негатыўных думак і дазваляе прывесці сябе ў парадак.
Чатырохгадовая дыскваліфікацыя ў адпаведнасці з рашэннем допінгавай камісіі Міжнароднай федэрацыі плавання з 2003 па 2007 год стала для мяне … шокам — нечакана і вельмі несвоечасова! Я была юная, у выдатнай форме і гатовая звярнуць горы! На жаль, усе мае мары ў той момант пацярпелі крах! Думала ўсё кінуць, але, дзякуй Богу, на гэта так і не адважылася.
Няўдачы на спартыўнай арэне мяне… засмучаюць, але ў той жа час даюць імпульс да новых дасягненняў. Дазваляюць прааналізаваць памылкі і выправіць іх своечасова.
У дзяцінстве я марыла стаць … акторкай! Я спявала, танцавала, ставіла сцэнкі і ладзіла канцэрты.
Здымкі ў фільме «Вышэй за неба» … падаравалі мне шмат цікавых знаёмстваў, а таксама далі нагоду задумацца пра праблему ВІЧ. Я лічу, што праблему ВІЧ нельга замоўчваць: неабходна, каб усе разумелі, што ВІЧ-інфікаваныя людзі з’яўляюцца паўнацэннымі членамі грамадства. Пры выкананні элементарных правілаў з імі можна без асцярогі мець зносіны, заводзіць адносіны і ствараць сям’ю.
Я займаюся дабрачыннасцю, таму што … гэта мая ўнутраная патрэба. Я хачу дзяліцца тым, што ў мяне ёсць, з тымі, хто мае патрэбу ў гэтым больш за мяне!
Калі мінакі на вуліцах пазнаюць мяне … яны дзякуюць мне. І не толькі за мае спартыўныя дасягненні, што прыемна ўдвая!
Тыя, хто даўно мяне ведаюць, выказваюцца пра мяне … як пра лёгкага, пазітыўнага чалавека. Я заўсёды імкнуся дапамагчы і падтрымаць тых, хто мяне атачае, калі яны апынуліся ў складанай сітуацыі!
Самае доўгачаканае свята … 31 снежня — Новы год і мой Дзень Народзінаў. У гэты дзень усе прасякнутыя святочным настроем і, гэтак жа як і я, атрымліваюць падарункі і віншаванні.
Ідэальны адпачынак для мяне … бывае розным: часам дома на канапе за чытаннем кнігі, часам у кампаніі сяброў, а часам на пляжы ў цёплых краях.
Мой любімы горад … Мінск, адсюль я родам і тут мой дом!
У мужчынах мне падабаецца … дабрыня, пачуццё гумару і самадастатковасць. Мужчына павінен быць упэўненым у сабе, а інакш як ён заваюе маё сэрца? Але не трываю хамаў і самаўлюбёных асобаў!
Самае галоўнае ў жыцці для мяне… зрабіць як мага больш карыснага для сябе і для грамадства.
У свой вольны час я звычайна… чытаю кнігі. Я вельмі люблю чытаць! Падабаюцца амаль ўсе жанры: раманы, дэтэктывы, фантастыка … Кніга — лепшы сродак пашырэння кругагляду, які, да таго ж, дорыць магчымасць пражыць яшчэ адно жыццё разам з галоўнымі героямі!
Сям’я для мяне … мая крэпасць і надзейны тыл. Што б са мной ні здарылася, мае родныя будуць заўсёды побач і падтрымаюць мяне ў любой сітуацыі.
Жаночая прыгажосць — гэта … ўчынкі і дзеянні, а не пульхныя вусны і спакуслівыя формы.
Каб прывесці сябе ў парадак мне дастаткова… цёплага душу пасля трэніроўкі.
Пры стварэнні ўласнага вобразу я спадзяюся на … свой густ і інтуіцыю, а таксама на парады сябровак.
Падтрымліваць добрую фізічную форму мне дапамагаюць … трэніроўкі працягласцю пяць гадзінаў штодня.
Я вырашу пакінуць прафесійны спорт, калі … зразумею, што я вычарпала ўсе свае рэсурсы і дасягнула канца сваіх магчымасцяў.
Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры я планую … адкрыць уласны плавальны клуб. Хачу, каб у кожнага незалежна ад узросту была магчымасць навучыцца плаваць!
Я мару пра … тое, каб усё, што я задумала, ажыццявілася!
Фота з архіву Аляксандры Герасімені