Горад Сонца Генадзя Карпенкі

У Маладзечне 23 красавіка 1991 года адбылася незвычайная сесія гарадскога Савета народных дэпутатаў. У парадку дня стаялі два ключавыя пытанні: абранне старшыні выканкама і яго намеснікаў.

henadz_karpenka.jpg


На пасаду былі вылучаны дзве кандыдатуры: Генадзь Карпенка, доктар тэхнічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1986 года, народны дэпутат, старшыня камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, і Аляксей Выбарнаў, дзейны старшыня выканкаму гарсавета. Апошняга, дарэчы, падтрымаў старшыня абласнога Савета народных дэпутатаў Альфонс Цішкевіч.

Адносна кожнага прэтэндэнта выступілі чатыры мясцовых дэпутаты: два — «за» і два — «супраць». Выбарнаў і Карпенка коратка абмалявалі свае праграмы і сваё бачанне развіцця Маладзечна і рэгіёна. Тэзісы Карпенкі падаліся больш пераканаўчымі: яго кандыдатуру падтрымаў 61 дэпутат са 111, што ўзялі ўдзел у галасаванні. За Выбарнава прагаласавалі 45 дэпутатаў.

26 красавіка 1991 года быў абраны першы намеснік Карпенкі. Гэта быў вядомы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання Віктар Ганчар. На думку Карпенкі, кандыдатура Ганчара была больш удалая (Ганчара падтрымалі 93 дэпутаты): ён, выдатны юрыст, як ніхто іншы будзе карысным пры разглядзе пытанняў раздзяржаўлення і прыватызацыі, а таксама знешнеэканамічных аспектаў. Акрамя таго, лічыў Карпенка, Ганчар можа пасадзейнічаць адкрыццю ў Маладзечне філіяла аднаго з рэспубліканскіх ВНУ, што вельмі важна ва ўмовах новых эканамічных адносін і рынка працы.

Сам Ганчар заявіў, што разумее сітуацыю, калі запрашаюць чалавека збоку, таму паабяцаў «закасаць рукавы і працаваць».

Такім чынам, у Маладзечна з’явіліся новыя кіраўнікі. Адзін з буйных гарадоў рэспублікі быў абраны ў якасці своеасаблівага выпрабавальнага палігона для рынкавых рэформаў. Карпенка некалькі гадоў быў дырэктарам мясцовага завода парашковай металургіі і таму ведаў горад не па чутках.

Да таго ж добраахвотны сыход Карпенкі і Ганчара на гарадскую гаспадарку быў першым у тыя часы прэцэдэнтам.

«Маладзечанскі перыяд» — амаль недаследаваная тэма ў палітычнай біяграфіі Генадзя Дзмітрыевіча Карпенкі, якому 17 верасня споўнілася б 69 год.


Навошта гэта трэба?

Неўзабаве пасля прызначэнняў Карпенка і Ганчар далі разгорнутае інтэрв’ю «Звяздзе», дзе патлумачылі прычыну свайго прыходу на працу ў рэгіён. Ганчар заявіў, што пры сённяшняй сітуацыі (скрыўленасць мыслення, інертнасць апарату і інш.) абсалютна немагчыма правесці комплексную рэформу. Адзінае выйсце, на думку Ганчара, — апрабаванне рынкавага эксперыменту ў асобна ўзятым горадзе і далейшы яго распаўсюд па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Ганчара падтрымаў Карпенка, які заявіў, што Маладзечна з яго эканамічным патэнцыялам цалкам пасуе ў якасці рэгіёна для эканамічнай навізны. Карпенка акрэсліў жыццёвыя праблемы горада: дэфіцыт харчовых і прамысловых тавараў, нізкая эфектыўнасць размеркавальнай сістэмы, адсутнасць грошай і вялікі дэфіцыт гарадскога бюджэту, незабяспечанасць жыллём, даўгабуды, ЖКГ, занядбаная інфраструктура (асабліва дарогі).

На думку Карпенкі, адзіным выйсцем з гэтага стану з’яўляецца выкарыстанне патэнцыялу камерцыйных структураў, новых тэхналогій, прыцягненне маладых спецыялістаў з прагрэсіўным мысленнем.

Генадзь Карпенка агучыў дэвіз новай каманды Маладзечна: навуковая абгрунтаванасць і асабістая адказнасць плюс пэўны элемент рызыкі. Калі думаць толькі пра бяспеку і запасную пляцоўку, лічыў Карпенка, то за справу ўвогуле не трэба брацца.

3_karpenka.jpg

Генадзь Карпенка на адным з мітынгаў у Маладзечне, 1991 год. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Кадры вырашаюць усё

Карпенка, калі стаў на чале выканкаму, адразу рашуча прыступіў да яго рэарганізацыі. Па-першае, быў ліквідаваны прэзідыум як абсалютна непатрэбны орган. Па-другое, былі максімальна дакладна размеркаваныя службовыя абавязкі намеснікаў. Так, непасрэднае добраўпарадкаванне горада (дарогі, азеляненне, ЖКГ і інш.) было ўскладзена на аднаго з намеснікаў Карпенкі — Станіслава Татарыновіча. Па-трэцяе, па ініцыятыве Карпенкі ўсе чальцы выканкаму былі пераведзеныя на кантракты.

Карпенка імкнуўся напоўніць сваю каманду сапраўднымі прафесіяналамі. У траўні 1992 года маладзечанскую міліцыю ўзначаліў дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання Уладзімір Станкевіч. У першым інтэрв’ю Станкевіч заявіў, што цалкам падзяляе палітычныя і грамадскія погляды Карпенкі, таму ва ўзаемаадносінах праблем не будзе. Неўзабаве кіраўніком справамі гарвыканкама стаў прыхільнік БЗВ, чэкіст Валерый Костка.

У кастрычніку 1993 года Костка ўзначаліў створаны пры гарвыканкаме спецыяльны прэс-цэнтр — для своечасовай і аб’ектыўнай падачы інфармацыі і абмеркавання важных пытанняў горада.


З прэсай на «ты»

Генадзь Карпенка разумеў моц сродкаў масавай інфармацыі, іх уплыў на фармаванне грамадскай думкі. Гэта было вельмі важна на пачатковым этапе рэформ. На той час у горадзе выходзілі два выданні: «Маладзечанская газета» і «Наш дзень». На сустрэчы з галоўнымі рэдактарам і журналістамі абедзвюх газет Карпенка заклікаў не навязваць свой пункт погляду, а даваць магчымасць выказацца прадстаўнікам розных палітычных сілаў.


Дэцэнтралізацыя

Як вядома, 12 верасня гэтага года старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на спецыяльным круглым стале загаварыў пра мажлівасць перадачы часткі функцый мясцовым органам ад цэнтральных пры вырашэнні рэгіянальных сацыяльна-эканамічных пытанняў.

Аднак такая праблема ставілася Карпенкам у далёкім 1991-м. Ён казаў пра перашкоды, якія існуюць пры збліжэнні эканомікі абласцей, неабходнасці ўзмацнення кампетэнцыі мясцовых уладаў.

Напрыклад, казаў Карпенка, Смаргонь знаходзіцца ў 30-ці кіламетрах, аднак «дабро» на супрацоўніцтва трэба атрымліваць у Мінску. Тым не менш, Карпенка дамовіўся з тагачасным кіраўніком Гродзеншчны Дзмітрыем Арцыменем: Гродна павінна было дапамагчы ў будаўніцтве ў Маладзечне камбіната буйнапанельнага домабудавання (кошт камбіната вагаўся ў межах 50 мільёнаў рублёў). Увод у дзеянне такога камбіната дапамог бы вырашаць жыллёвую праблему, бо чарга ў Маладзечне на кватэры дасягала 25 гадоў.

jury_hadyka__jury_zaharanka__henadz_karpenka._fota_z_arhivu_sjam_i_hadyki.jpg

Юры Хадыка, Юры Захаранка, Генадзь Карпенка. Фота з архіву сям'і Хадыкі

Гандаль, гандаль

Адна з найбольш важных праблемаў маладзечанцаў на пачатку 1990-х гадоў была звязана з недахопам тавараў першай неабходнасці, у першую чаргу, харчоў. «Маладзечанская газета» і «Наш дзень» часта выходзілі з наступнымі загалоўкамі: «Ці з’явіцца мяса?», «Ці будзе жыццё салодкае?» (гаворка ішла пра цукар) і падобнымі да іх.

Карпенка і Ганчар публічна заявілі, што арганізацыя новай сістэмы гандлю ў горадзе — іх справа гонару. Карпенка падпісаў загад аб істотным скарачэнні мясцовага апарату гандлю і неаднойчы абяцаў адправіць дырэктара гархарчпрамгандлю Віннікава ў адстаўку. Аднак было зразумела, што аднымі адміністрацыйнымі захадамі не абысціся: наспелі сістэмныя крокі.

Летам 1991 года ў Мала­дзечне пачала дзейнічаць новая структура «Бізнес-цэнтр», якая са згоды гарвыканкома спалучыла ў сябе як камерцыйныя, так і адміністрацыйныя функцыі. Галоўная задача «Бізнес-цэнтра» заключалася ў стварэнні альтэрнатыўнай сістэмы забеспячэння жыхароў горада таварамі, у тым ліку і імпартнымі. «Бізнес-цэнтр» таксама заняўся пасрэдніцкімі паслугамі і стварэннем пэўнай колькасці сумесных прадпрыемстваў па выпуску тавараў народнага спажывання. Напрыклад, пачало стварацца савецка-афганскае сумеснае прадпрыемства «ХайБел» па вытворчасці шампуняў і касметычнай прадукцыі.

У жніўні 1991 года перад маладзечанцамі гасцінна раскрыў дзверы «Пінгвін» — салон па продажы марозіва, філіял сумеснага савецка-швейцарскага прадпрыемства «Белкампексім».

Неўзабаве запрацаваў і «Віленскі шлях» — самы сучасны па тых мерках супермаркет.


Прыватызацыя

Карпенка быў упэўнены: грошы ў вечна пустым гарадскім бюджэце могуць з’явіцца толькі ад прыватызацыі — у першую чаргу, аб’ектаў гандлю і камунальнай уласнасці. Увосень 1991 года ў Маладзечне адбыўся першы аўкцыён. На продаж былі выстаўлены мясцовая цырульня, крамы «Алімпік» і «Бакалея». На 1 ліпеня 1992 года ў Маладзечне існавалі 43 кааператывы, 345 малых прадпрыемстваў.


І, канешне, спорт

Карпенка, вялікі аматар футбола, усяляк садзейнічаў мясцовай камандзе. І вынік быў. 15 верасня 1991 года ў Сумгаіце маладзечанскі «Металург» вырваў перамогу і заваяваў кубак СССР сярод калектываў фізічнай культуры. І пазней маладзечанскія футбалісты цешылі сваіх фанатаў перамогамі.


Павінны быць усе роўныя

Стаўшы на чале Маладзечна, Карпенка імкнуўся забяспечыць сабе папулярнасць і на ніве барацьбы са старой камандай. Неўзабаве пасля прыходу Карпенкі-Ганчара высветлілася, што былы кіраўнік выканкаму Выбарнаў і галоўны архітэктар горада Згрунда незаконна атрымалі ордэры на чатырохпакаёвыя кватэры, хаця, паводле заканадаўства, не мелі права на паляпшэнне жыллёвых умоў. Выбарнаў, адчуваючы хісткасць свайго становішча, добраахвотна здаў ордэр, а вось за галоўнага архітэктара ўзяўся суд.

fota_z_arhivu_leanida_dzejki.jpg

Фота з архіву Леаніда Дзейкі

Прымусілі падзяліцца камуністаў

Гарвыканкаму моцна пашанцавала ў гарачыя дні путчу жніўня 1991 года. Пасля паразы ГКЧП было прынята рашэнне, што мясцовы будынак КПБ з усёй маёмасцю пераходзіць у часовае распараджэнне гарвыканкама паводле пастановы Вярхоўнага Савета ад 25 жніўня 1991 года аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ-КПСС у Беларусі. У сувязі з гэтым была створана адмысловая камісія, у якую ўвайшлі Карпенка, Ганчар, міжраённы пракурор, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы, дырэктар музычнага вучылішча, першыя сакратары гаркама і райкама КПБ.

Дарэчы, сам Карпенка на сустрэчы з камуністамі і ветэранамі горада асудзіў дзеянні ГКЧП і партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва рэспублікі (Анатоль Малафееў, Мікалай Дземянцей) як антыканстытуцыйныя. Карпенка заклікаў КПБ распусціцца: маўляў, сумленныя людзі здольны стварыць новую партыю.

Сустрэча праходзіла вельмі эмацыйна. Камуністы-ветэраны не шкадавалі агідных слоў на адрас Карпенкі і Ганчара, моцна свісталі. Аднак Карпенка пераканаўча даказваў, што кампартыя доўгі час выконвала функцыі дзяржаўных органаў, таму яе сродкі, маёмасць і грошы з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы. А сёння ўлада — Савет народных дэпутатаў. Таму згоды на перадачу ад партыйных органаў не патрабуецца.


І навука, і культура

Дзякуючы ў тым ліку намаганням Генадзя Карпенкі ў Маладзечне 18–20 жніўня 1992 года адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. На мерапрыемстве былі прадстаўлены 150 дакладаў прадстаўнікоў краін СНД, Балтыі, Аўстрыі, Швейцарыі, ЗША, Канады, Польшчы, Аўстраліі ў чатырох секцыях: «Вопыт гісторыі», «Шляхі адраджэння», «Рэлігія і нацыянальная свядомасць», «Мастацкае слова, мова, фальклор». На канферэнцыі прысутнічалі сапраўдныя волаты Беларушчыны: Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Адам Мальдзіс і іншыя.

2_karpenka.jpg

Генадзь Карпенка і ягонае «Маладзечна–94». Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Маладзечна апынуўся, бадай, адзіным горадам, у якім 25 сакавіка 1993 года на дзяржаўным узроўні былі адзначаны 75-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі: грамадскасць горада пры ўдзеле Карпенкі адкрыла на цэнтральнай плошчы горада «Камень памяці» з мармуру. Таксама адбыўся мітынг і ўрачысты сход і канцэрт «Спадчыны».

Вялікую ўвагу Генадзь Карпенка надаваў міжнародным сувязям. Адной з галоўных ягоных задач стала захаванне адносінаў з нямецкім пабрацімам Эслінгенам. У сакавіку 1993 года паміж Маладзечнам і амерыканскім горадам Чылікота (штат Агая) было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. У Маладзечне таксама пабывалі прадстаўнікі Ізраіля і Кітая.

Пры Карпенку пачалі ажыццяўляцца два буйныя культурныя праекты: «Спадчына» і «Родная мова» з мэтай папулярызацыі беларускай гісторыі і культуры, мовы. Пры Карпенку горад пачаў першым у рэспубліцы пазбаўляцца стандартных камуністычных назваў вуліц. Шмат з іх вярнулі сваю спрадвечную назву.


Горад фестывальны

Візітнай карткай Маладзечна, канешне, стаў фестываль маладых выканаўцаў. Сам Генадзь Дзмітрыевіч быў нязменным старшынёй аргкамітэта «Маладзечна–93» і «Маладзечна–94», на якіх прысутнічаў нават старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч. Менавіта ў Маладзечне пуцёўку у музыкальнае жыццё атрымалі Ларыса Грыбалёва, Ірына Дарафеева і іншыя.

Адзін з самых багатых бізнесоўцаў ЗША (яго імя беларускія СМІ так і не раскрылі) быў у такім захапленні ад фэсту «Маладзечна–93», што абяцаў дапамагчы гораду. Праз год у Маладзечна сапраўды прыйшла гуманітарная дапамога (22 кантэйнеры па 40 тон кожны). Гэта былі ў першую чаргу прадукты харчавання (сокі, пюрэ, супы, гародніна) для хворых дзетак.

У сакавіку 1994 года ў Маладзечне ўпершыню ў Беларусі адбыўся тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца». Менавіта падчас такіх мерапрыемстваў склаліся моцныя сяброўскія адносіны Карпенкі і вядомага драматурга Аляксея Дударава. Апошні, як вядома, узначаліў ініцыятыўную групу Карпенкі ў 1994 годзе (1667 чалавек) па зборы подпісаў на вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.

1_karpenka.jpg

На «Маладзечна–93» завіталі высокія госці. Генадзь Карпенка размаўляе з Вячаславам Кебічам. За Кебічам (у акулярах) — лідар сталічных прадпрымальнікаў Уладзімір Карагін. Побач з Карагіным — міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў. Справа ад Карпенкі (у цёмных акулярах) карэспандэнт «Народнай газеты» Павел Якубовіч. За спіной Карпенкі (папраўляе гальштук) — Віктар Ганчар. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Закрынічыла тут жыццё…

Эканамічнае развіццё горада непазбежна пацягнула за сабой уздым грамадскай актыўнасці: ад цікавых конкурсаў да рэгістрацыі мясцовых аб’яднанняў прадпрымальнікаў і скаўтаў. Летам 1993 года ў горадзе адбыўся конкурс «Супербабуля», у якой 11 прэтэндэнтак павінны былі апісаць свой жыццёвы вопыт і атрымаць салідную грашовую прэмію.

11 кастрычніка 1993 года ў гарвыканкоме адбылася сустрэча прадстаўнікоў гарадскіх арганізацый невытворчага напрамку дзейнасці. На сустрэчы было пастаўлена пытанне аб стварэнні адзінага цэнтра па каардынацыі дзейнасці. Генадзь Карпенка заявіў, што будучы цэнтр не мае на мэце ўзяць пад кантроль грамадскія арганізацыі, гаворка ідзе толькі пра каардынацыю і інфармаванне.


Лыжка дзёгцю

Справа, якую распачаў Карпенка, не магла не спарадзіць ворагаў і зайздроснікаў. 15 жніўня 1992 года ў абласной газеце «Мінская праўда» з’явіўся артыкул пад назвай «…А без закона — бардельеро». У ім Маладзечанскі гарвыканкам абвінавачваўся ў тым, што ў жніўні 1991 года быццам бы незаконна зарэгістраваў акцыянернае таварыства «Беларускі гандлёва-прамысловы саюз», бо ў апошняга адсутнічалі ўласны рахунак і ліцэнзія Нацбанка.

Гарвыканкому таксама закідалася адсутнасць кантролю над размеркаваннем гуманітарнай дапамогі, а непасрэдна Карпенку — асабістая нясціпласць, бо, маўляў, першаму чалавеку Маладзечна, які за зачыненымі дзвярыма цалуецца і абдымаецца з кіраўнікамі таварыства, сёе-тое даставалася з барскага стала.

У інтэрв’ю «Нашаму дню» Карпенка назваў публікацыю паклёпам і паабяцаў разабрацца з журналістам і рэдактарам.


Час надышоў

Далейшыя планы Карпенкі па добраўпарадкаванні Маладзечна перакрэсліў прыход да ўлады прэзідэнта Лукашэнкі. Карпенка ніколі не хаваў сваіх антыпатый да дырэктара саўгасу «Гарадзец». У сваім выступе ў Вярхоўным Савеце 23 сакавіка 1995 года Карпенка заявіў, што перад першымі выбарамі прэзідэнта Лукашэнка запэўніваў яго: «Если я выстрелю в себя, то народ на больничной койке вынесет меня в президенты». Тады ён, Карпенка, адказаў: «Смотри, не промахнись только».

Тым больш, што Лукашэнка пачаў выбудоўваць так званую «вертыкаль», калі кіраўнікі абласцей і раёнаў фактычна прызначаюцца кіраўніком дзяржавы пры фармальнай згодзе дэпутацкіх сесій. Адпаведныя змены ў закон аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы былі зацверджаны 6 кастрычніка 1994 года. Канстытуцыйны Суд фактычна стаў на бок Лукашэнкі.

У Карпенкі не было іншага выйсця. 28 лістапада 1994 года ён падаў заяву аб адстаўцы. З копіі працоўнай кніжкі (Нацыянальны архіў, фонд №1376) Генадзя Дзмітрыевіча бачна, што з пасады «мэра» ён сышоў 15 снежня 1994 года. А ўжо 19 снежня перайшоў на працу ў камісію Вярхоўнага Савета па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.

Эра Горада Сонца скончылася.