Ксёндз Вячаслаў Барок пра адсідку ў ІЧУ: Вельмі ўражвала, калі мяне прымалі з аўчаркамі
Каталіцкі святар з Расонаў Вячаслаў Барок адбыў 10-суткавы арышт у віцебскім ІЧУ. Ксяндза асудзілі за тое, што паказаў на ютубе выяву дызайнера Уладзіміра Цэслера, дзе былі аб’яднаныя свастыка і беларуская дзяржаўная сімволіка. У гэтым суддзя ўбачыла прапаганду фашызму. «НН» распытала айца Вячаслава пра ягоныя ўражанні і адчуванні.
«Да зняволення я быў падрыхтаваны значна раней за суд, калі яшчэ цікавасць да маёй дзейнасці праяўляць пачалі Следчы камітэт і Генеральная пракуратура. Для мяне самога гэта была першая ходка, але я параіўся з дасведчанымі людзьмі, якія дапамаглі мне сабраць «трывожную сумку».
Там былі лекі ад ціску і мігрэні, без якіх я не ўяўляю свайго жыцця, цёплыя штаны, шкарпэткі, шапка. Біблія, падручнік па англійскай мове, сшытак, аловак, а таксама крыху ежы — хлеб, цукеркі», — расказвае айцец Вячаслаў.
Калі згадваць суд, то Барок кажа, што найперш яго ўразіла вялікая колькасць людзей, што прыйшлі падтрымаць яго.
«Гэта былі і супрацоўнікі райвыканкама, і РАУС. Я ім падзякаваў за падтрымку, а пасля падумаў, ці па сваёй волі яны тут.
Зала была перапоўненая, праз гэта пасля перапынку на працэс не пусцілі біскупа Алега Буткевіча. Я быў здзіўлены тым, што ўсе доказы маёй невінаватасці судом увогуле не былі ўлічаныя. Былі сведчанні крытыкаў, што мной быў прадстаўлены твор мастацтва, а не свастыка. На судзе выступаў выкладчык з Наваполацку Уладзімір Лобач, які красамоўна пераконваў, што гэтая выява не можа лічыццца нацысцкай сімволікай. Але нічога гэта не паўплывала.
Разумееце, гэтыя людзі называюць чорнае белым, а белае — чорным. У тым самым відэа я казаў, што супраць фашызму і камунізму, а мяне судзяць за прапаганду. Калі сукамернікі даведваліся, што я ксёндз, то цікавіліся за што я сяджу. Пасля таго, як чулі адказ, то пачыналіся і маты, і праклёны [ў бок судовай сістэмы]. Я не магу прапаведваць фашызм ці камунізм, бо гэта супярэчыць вучэнням Касцёла. Яшчэ ў 1937 папа Пій ХІ выдаў энцыклікі супраць камунізму і фашызму, то-бок ксёндз не можа быць прыхільнікам гэтых ідэалогій», — дзеліцца былы вязень.
Вельмі ярка айца Вячаслава прынялі ў віцебскім ІЧУ. Справа ў тым, што ізалятара ў Расонах, дзе служыць Барок, проста няма, а бліжэйшы ў Наваполацку не можа прымаць вязняў праз паламаны душ.
«Гэта, канечне, было прыгожа, вельмі ўражвала, калі мяне прымалі з аўчаркамі. Сабакі брэшуць, а адзін з ахоўнікаў крычыць так моцна, што ён перакрыквае гэты брэх. Былі аўтаматы, мяне ставілі на расцяжку, праводзілі асабісты надгляд.
Так, усё гэта эфектна і ніхто з сукамернікаў не мог пахваліцца такім жа прыёмам, але я не магу сказаць, што нехта выходзіў за межы сваіх паўнамоцтваў. Ніхто мяне не біў, ніхто не здзекаваўся. Я хачу сказаць, што пэўны парадак у ІЧУ існуе. Разумееце, існуюць жа не толькі палітзняволеныя, але ёсць і бандыты, рэцыдывісты. Калі я даведаюся, што такое прадстаўленне зладзілі адмыслова для мяне, тады я скажу, што гэта было нядобра, але пакуль у мяне няма падставаў думаць так».
Што тычыцца ўмоваў у ізалятары, то ксёндз на іх не скардзіцца. «Жалезныя нары з матрацам, чыстай бялізнай, неблагія санітарныя ўмовы, халодная вада, унітаз.
Харчаванне дык увогуле някепскае. Скажу шчыра, што супы мне нават падабаліся, кашы як калі, але цярпіма. Хіба што катлеты вельмі цяжкія, да такой ежы трэба прывыкнуць, я асабіста адмовіўся ад іх, на шчасце, хапала перадач. Калі чалавек вядзе бадзяжны лад жыцця, то такое харчаванне можа быць за шчасце. Адзінае чаго мне не хапала — гэта ранішняй кавы. Была нейкая гарбатка, але не дужа смачная».
Пост Вячаслаў Барок цяпер не трымае. Кажа, што адвэнт — гэта добры час для таго, каб падумаць аб тым, як правільна расстаўляць акцэнты.
«Я ў кожным сукамерніку і ахоўніку шукаў Хрыста. І гэта атрымлівалася. Са мной сядзелі самыя розныя людзі, з розным узроўнем адукацыі, але я не бачыў, каб хтосьці камусьці хацеў рабіць свінства, варта было бачыць, як гэтыя людзі між сабой дзяліліся цыгарэтамі.
У камеры я толькі адзін раз дзесьці на паўгадзіны перасякаўся з палітычнымі, а так я сядзеў з бадзягамі, з чалавекам, які прасядзеў у турме 27 гадоў, людзьмі, якія бачылі турмы ўсёй Еўропы. І нават калі яны казалі, што атэісты, то з вялікай павагай ставіліся да мяне. Я б не сказаў, што яны імкнуліся размаўляць пра Бога, але ім былі цікавыя тэмы маральнага выбару, ніхто з іх не быў пазбаўлены людскасці.
Калі ў мяне падняўся ціск да 190, то менавіта гэты рэцыдывіст падаваў ваду і таблетку, ён патрабаваў, каб мне аказалі дапамогу».
За час адседкі айцец Барок атрымаў больш за 40 лістоў. Пісалі з Гродна, Брэста, Мінска, Віцебска, Піцера, Германіі. «Усім я стараўся адказваць падрабязна, як і яны мне. Атрымаў ліст ад праваслаўнага святара, якога не ведаў раней, з Брэсцкай вобласці. Гэта прыемна, што мяне падтрымлівалі не толькі адзінаверцы, лісты дасылалі і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты». Сярод тых, хто насіў перадачу ў вязніцу, быў біскуп Алег Буткевіч.
«Я шмат размаўляў з Богам у гэтыя дні, хацелася атрымаць адказы на многія пытанні. Я радуюся, што ў мяне хапіла мудрасці не пакрыўдзіцца на Бога, не засумнявацца ў веры. Маўляў, ён мяне не абараніў ад зняволення. Калі б хацеў, то абараніў, але я павінен быў праз гэта прайсці.
З Богам можна спрачацца, нешта даказваць прасіць, але нельга разнявервацца. Хрысціянства не бывае без крыжа. Я ўспамінаў апостала Паўла, які з турмы пісаў пасленне філіпянам, дзе пісаў, што праз свае кайданы ўмацаваў братоў у веры».
Вядома, айцец Барок плануе і надалей займацца блогерскай дзейнасцю. «Гэта неад’емная частка хрысціянства — прапаведванне. І калі адмовіцца ад прапаведвання, то можна і не быць далей ксяндзом. У мяне аўдыторыя на ютубе большая, чым усіх жыхароў Расон. Я не заклікаю выступаць супраць кагосьці канктрэтнага, толькі супраць Зла і Несправядлівасці».
Зміцер Панкавец