Мікола Статкевіч: трымацца праўды

Напісаць нарыс пра Статкевіча трэба было даўно. Але перашкаджалі мае з Міколам не вельмі ветлівыя адносіны. Падчас прэзентацыі кампаніі «Тыдзень палітвязня» мне стала зразумела, што асабістае заўсёды павінна саступаць месца аб’ектыўнаму.  



statkevich_sh.jpg

Мікола Статкевіч

Шлях да свету

Пачаць хочацца з кароткага ўспаміну, які прыгадаў сам Мікола Статкевіч у верасні 2006 года ў сваім эсэ, што напісаў у вёсцы БлоньПухавіцкага раёна Мінскай вобласці, дзе адбываў «хімію».

«Было гэта на адным з палігонаў у казахскім стэпе, куды наша брыгада прыехала з Поўначы для баявых стрэльбаў па паветраных мішэнях. Камандны пункт брыгады, за тэхніку якога я адказваў, месціўся ў бункеры з вельмі складаным уваходам, падобным да лабірынта з перашкодамі. Аднойчы, калі мне трэба было тэрмінова трапіць на паверхню, мясцовы інструктар сказаў, што ёсць яшчэ адзін, вельмі просты выхад — цёмны калідор. Ён зачыніў за мной браніраваныя цяжкія дзверы, і я апынуўся ў поўнай цемры. Хацелася вярнуцца назад, у аператыўную залу каманднага пункта, дзе ў вялікай прасторы зялёным ды сінім свяціліся шматлікія планшэты і экраны. Пайшоў наперад, выставіўшы рукі перад сабой. Амаль адразу наткнуўся на халодную сценку калідора. Узяў у другі бок. Вельмі хутка — зноў сцяна. Пакрысе, усе радзей натыкаючыся на сцены, я выбраў накірунак, які вывеў мяне да такіх жа браніраваных дзвярэй, за якімі было неба і заліты сонцам стэп».

Сімвалічны ўспамін.

Нарадзіўся будучы вайсковец, навуковец і палітык 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна. Яго бацькі былі настаўнікамі, таму разам з навукай жыць, ён адразу пачаў асвойваць другую навуку — думаць. Сам жа род Статкевічаў паходзіць са старажытнай беларускай шляхты і мае герб «Касцеша», якім, акрамя іх, карысталіся больш чым 200 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у тым ліку і продкі польскага маршала Юзафа Пілсудскага.

На жаль, маці Міколы на гэтым свеце ўжо няма, а вось яго бацька Віктар Паўлавіч, нягледзячы на салідны ўзрост (86 гадоў) і шматлікія хваробы (рак, язва страўніка) па наш дзень жыве ў Баранавічах і для многіх з’яўляецца прыкладам мужнасці і высакародства.

Кожны год, 9 мая, яго віншуюць мясцовыя дэмакратычныя актывісты. Падчас вайны, юнаком ён разам са сваім бацькам, дзедам Міколы Статкевіча, дапамагаў партызанам. Нават удзельнічалі, можна сказаць, у дыверсійных акцыях: падпілоўвалі слупы з тэлефоннымі правадамі, чым шкодзілі камунікацыям фашыстаў. Аднойчы нарваліся на нямецкага салдата, які стрэліў у Віктара, але яго паспеў засланіць сабой бацька.

У пачатку красавіка 2011 года некаторыя інтэрнэт-рэсурсы паведамілі пра тое, што Віктар Паўлавіч Статкевіч з Беларусі з’ехаў ва Украіну, дзе жыве старэйшы сын Аляксандр. Сапраўды ездзіў, але ў госці, на вяселле ўнука Андрэя. Там пабачыўся і з другімі сваімі ўнучкамі — Кацяй ды Аняй — дочкамі Міколы, якія разам з сем’ямі прыехалі на вяселле з Германіі. Каця — доктар навук, разам з мужам працуе ў кампаніі «Аўдзі». Аня — хатняя гаспадыня, выхоўвае маленькага сына Лёню, а яе муж займаецца бізнэсам.

Вайсковы выбар

Сярод вайскоўцаў супрацьпаветраная абарона лічыцца не самай спрыяльнай для службовай кар’еры. Пра генеральскія лампасы там амаль не мараць, нават дайсці да падпалкоўніка, палкоўніка вельмі складана. Адзінае, што можа прывабіць, — практычная адсутнасць «асабовага складу», то бок салдатаў. Гэта — інтэлектуальнае тэхнічнае войска. У СПА больш думаюць, чым бегаюць.

Магчыма, гэта і стала асноўнай прычынай вайсковага выбару Міколы Статкевіча. А яшчэ — на той час высокі прэстыж вайскоўцаў у грамадстве. Да таго ж, курсанцкія пагоны дазвалялі небагатай настаўніцкай сям’і не хвалявацца за дабрабыт сына.

У 1973 годзе Мікола Статкевіч паступіў у Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча СПА, якое паспяхова скончыў у 1978 годзе. Па размеркаванні яго накіравалі ў Запаляр’е, дакладней, у Мурманскую вобласць.

Праслужыў ён толькі чатыры гады, але за гэты кароткі час паспеў шмат чаго. Напрыклад, быў прызнаны лепшым афіцэрам па сваёй спецыяльнасці ў аб’яднанні супрацьпаветранай абароны, якое абараняла ўсю Поўнач еўрапейскай часткі СССР. Там жа яму прысвоілі вышэйшую баявую класіфікацыю — «Майстар».

У 1982 годзе вярнуўся ў альма-матэр, паступіў там у ад’юнктуру, праз некалькі гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў выкладаць.

Палітычны арыенцір

Напэўна, шмат хто б на месцы Статкевіча спыніў бы любую актыўнасць. Маўляў, што яшчэ трэба ў жыцці? Прэстыжнае месца службы, высокая зарплата, перспектыва кар’еры... Тым больш, што ў яго асабіста ўсё складвалася як мага лепш. За час службы ў МВІЗРВ ён напісаў болей за 60 навуковых прац у галіне кіравання, эрганомікі і сацыяльнай псіхалогіі. Зрабіў некалькі вынаходніцтваў, быў накіраваны ў дактарантуру.

Напэўна, на гэты дзень ён мог доктарам навук, прафесарам. І генералам. Як некаторыя з тых, у каго на той час на пагонах было нават менш зорачак.

Напрыклад, былы маёр Шэйман. Дарэчы, дзякуючы менавіта яму, я трапіў у гісторыю нашай краіны. Было гэта 15 верасня 1992 года, калі чальцы нядаўна створанага па ініцыятыве Міколы Статкевіча Беларускага згуртавання вайскоўцаў і афіцэры запасу прымалі прысягу на вернасць Беларусі. Мой подпіс трапіў на адзін аркуш з подпісам Віктара Шэймана.

Дадам толькі, што гэта вядомае прозвішча не было ў тых спісах адзіным выключэннем. Калі ўзяць атачэнне дзеючага прэзідэнта, то ў гэтым асяродку можна ўбачыць імёны тых, хто тады быў «дэмакратам». Напрыклад, сучаснага міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага...

Якія розныя шляхі

Тая шматтысячная грамадская акцыя прымусіла ўрад прывесці да прысягі незалежнай суверэннай Беларусі ўсіх афіцэраў сілавых структур. І ніхто тады нават уявіць не мог, што праз колькі год яны будуць прысягаць зноў: быць вернымі не толькі сваёй краіне, але і яе прэзідэнту...

Аднак звернемся да біяграфіі Міколы Статкевіча, якая размешчана на яго сайце: «Яшчэ да распаду Савецкага Саюза распрацаваў і надрукаваў канцэпцыю стварэння беларускага войска, якая была рэалізавана пасля атрымання нашай краінай незалежнасці. У пачатку 1991 года ў знак пратэсту супраць падаўлення танкамі дэманстрантаў у Вільнюсе выйшаў з КПСС. 20 жніўня 1991 года адзіны з вайскоўцаў у Беларусі публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Тады ж аб’явіў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), якое паставіла на мэце стварэнне беларускага войска, абарону незалежнасці і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства».

Адмыслова раю звярнуць увагу на даты. Тады яшчэ ніхто не ведаў, на чыім баку будзе перамога. Затое адназначна можна сцвярджаць іншае: вайсковец Мікола Статкевіч вельмі добра ведаў, што чакае асабіста яго і паплечнікаў у выпадку паразы.

І яшчэ адзін важны момант. У 1993 годзе Мікола Статкевіч выступіў супраць Дамовы аб калектыўнай бяспецы з ваюючымі краінамі (Арменія, Таджыкістан і інш.), па ўмовах якой Беларусь павінна была накіроўваць сваіх салдатаў на чужыя войны. За гэта яго звольнілі з вайсковай службы. За месяц да плануемай абароны доктарскай дысертацыі.

Пасля шырокай грамадскай кампаніі ў падтрымку Статкевіча беларускі парламент ратыфікаваў усё ж Дамову аб калектыўнай бяспецы ўсё ж ратыфікаваў, але з умовай не адпраўляць нашых салдат у «гарачыя кропкі».

Партыйны калейдаскоп

Добра ведаю супрацьлеглыя меркаванні розных людзей пра тое, што адбывалася тады і адбываецца зараз у беларускім сацыял-дэмакратычным асяроддзі. Але мой нарыс — біяграфічны. Таму пакідаю за дужкамі любыя каментары. Абмяжуюся толькі канстатацыяй фактаў і адной рэмаркай: беларускіх сацыял-дэмакратаў можна назваць рэкардсменамі па колькасці ўнутраных расколаў. І ў кожным з іх адным з падводных камянёў была праблема лідарства.

Мікола Статкевіч трапіў у гэты лагер амаль з самага пачатку яго існавання, калі ў сакавіку 1991 года па ініцыятыве Міхася Ткачова была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Старшынёй тады абралі Міхася Ткачова, першым намеснікам — Алега Трусава. Праз год, пасля заўчаснай смерці Ткачова, Трусаў стаў на чале партыі і кіраваў ёй да лета 1995 года.

У 1995 годзе замест Алега Трусава старшынёй БСДГ абралі Міколу Статкевіча. У 1996 годзе прайшло аб’яднанне Сацыял-дэмакратычнай Грамады з Партыяй народнай згоды і была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада). Мікола Статкевіч стаў старшынёй БСДП (Народная Грамада).

У 2005 годзе была яшчэ адна спроба аб’яднання і яшчэ адзін раскол. Утварылася БСДП (Грамада), лідарам якой абралі Аляксандра Казуліна. На дадзены момант БСДП (Грамаду) узначальвае Ірына Вештард. Прыхільнікі Міколы Статкевіча сфарміравалі аргкамітэт па стварэнні адноўленай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), абралі яго сваім старшынёй.

Цярністы шлях

За час палітычнай дзейнасці Статкевіч больш 30 разоў меў адміністратыўныя арышты, якія заканчваліся «суткамі» альбо штрафамі, 3 разы супраць яго распачыналіся крымінальныя справы, двойчы пакаранні не былі ўмоўнымі.

У 2005 годзе разам з Паўлам Севярынцам ён быў асуджаны да 3 гадоў абмежавання свабоды за арганізацыю мірнай дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму. Па выніках гэтага рэферэндуму прэзідэнт атрымаў права знаходзіцца ва ўладзе неабмежаваную колькасць тэрмінаў.

На «хіміі» год працаваў электрамеханікам на прадпрыемстве ў Баранавічах, потым слесарам у калгасе. У 2006 годзе міжнародная арганізацыя «Amnesty Іnternatіonal» прызнала Мікалая Статкевіча вязнем сумлення. У ліпені 2007 года яго вызвалілі па амністыі.

У 2009 годзе кангрэсам «Еўрапейскай кааліцыі», лідарам якой Статкевіч з’яўляецца з 2003 года, ён быў вылучаны ў якасці кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года. 19 снежня 2010-га прымаў удзел у дэманстрацыі на плошчах Кастрычніцкая і Незалежнасці. Пасля разгону акцыі быў затрыманы.

 

26 мая 2011 года ў Ленінскім судзе горада Мінска суддзя Людміла Грачова вынесла прысуд: 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На дадзены момант Мікола Статкевіч — адзіны былы кандыдат у прэзідэнты, які застаецца за кратамі.

 

Усе падрабязнасці яго арышту і вандровак па калоніях пералічваць не буду. Раю ў віртуальнай бібліятэцы паглядзець мае кнігі «Супраць плыні» і «Жыццё пасля кратаў». Адрас http://kamunіkat.org/usіe_knіhі.html?pubіd=20069. Пра ўсё вельмі дакладна там расказвае жонка Міколы Марына Адамовіч.

 

Галоўнае, што вызначае палітычны лёс Міколы Статкевіча, гэта тое, што пры любых абставінах ён трымаецца праўды. За гэта сёння і пакутуе. Але не падпісвае аніякіх пакаянных лістоў і прашэнняў аб памілаванні.