Сёння дзень памяці Вітаўта Мартыненкі

Сем гадоў таму, 17 красавіка 2016 года, пайшоў з жыцця беларускі музыказнаўца і публіцыст Вітаўт Мартыненка.



Анатоль Мяльгуй і Вітаўт Мартыненка

Анатоль Мяльгуй і Вітаўт Мартыненка

Яго, журналіста-музыказнаўцу і літаратара, называюць «таленавітым дэгустатарам», апошнім рамантыкам і архіварыюсам айчыннага року, але насамрэч Вітаўт Мартыненка быў яго стваральнікам і, дарэчы, аўтарам самога тэрміну «беларускі рок».
Атрымаўшы дыплём факультэту журналістыкі БДУ, ён зь першай паловы 1980-х працаваў у газэце «Чырвоная зьмена», дзе рэдагаваў музычную старонку «Нотны аркуш». Публікацыі на ёй выводзілі з падпольля папулярныя ўжо беларускамоўныя гурты «Мроя», «Рэй», «Магістрат», «Бонда», бардаў Касю і Алеся Камоцкіх, Вольгу Цярэшчанку, Сержука Сокалава-Воюша.
Супольна зь сябрам, музычным крытыкам Анатолем Мяльгуем, у 1985-м Вітаўт заснаваў першы ў Беларусі рок-клюб — менскую «Нямігу», куды ўвайшлі «Мроя» і яшчэ сем гуртоў. Асноўным заданьнем клюбу (ён праіснаваў да 2003 году) была арганізацыя фэстываляў, якія ладзіліся двойчы на год: у дні нараджэньня Рычы Блэкмара і Джымі Гэндрыкса. На адным з гэтых фэстываляў — яны мелі назоў «Тры колеры» — адыграў першы канцэрт «Ляпіс Трубяцкой». Вітаўт спрычыніўся і да арганізацыі штогадовага фэсту беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча».
Мартыненка, здаецца, пасьпяваў паўсюль. Вёў гітпарады ў «Чырвонай зьмене» і на Беларускай службе Радыё Свабода. Уваходзіў у нефармальны моладзевы клюб «Талака» і Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Стварыў у «Чырвонцы» адну зь першых групаў падтрымкі Беларускага Народнага Фронту. Стаў разам з Анатолем Мяльгуем аўтарам выдадзенай у 1989-м у Нью-Ёрку кнігі для маладых мэляманаў «Праз рок-прызму». У супрацы зь сябрам Мартыненка выпусьціў пазьней і першы энцыкляпэдычны даведнік «222 альбомы беларускага року і ня толькі», а затым — сольную кнігу «Rock on-line».
Ён пісаў прозу і вершы, «пераклаў» з лацінкі на кірыліцу і выдаў з грунтоўнымі камэнтарамі раман Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis», пераствораны некалі па-беларуску знакамітым беларускім рэлігійным і культурным дзеячам Пятром Татарыновічам. Гэты чын Вітаўта даў яму магчымасьць сустрэцца з папам Рымскім Янам Паўлам ІІ.​
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 3-е выданьне, 2020, с. 688–689.
Паводле «Радыё Сваб*да».