Сьмяльчуньня Аксана

Людзей, дні народзінаў якіх я адзначаю, я заўсёды аднашу да блізкіх. 10 ліпеня адзначае дзень народзінаў блізкі мне чалавек, вядомая на ўсю краіну рэдактарка, журналістка, геройка ці, як бы сказала мая віцебская бабуля «сьмяльчуньня» — Аксана Колб.

signal_2022_05_02_035622_001__2___1__logo.jpeg


З Аксанай пазнаёміўся спачатку выключна віртуальна ў 2015 годзе — «трапіў да яе ў рукі» дзякуючы Аляксею Каралю. Мае знаёмства і супраца з «Новым Часам» пачаліся з Аляксея Караля, які падтрымаў мяне, зацікавіўся, але праз хваробу перадаў мяне Аксане. Ліставаньне з рэдакцыяй «Новага Часу» заўсёды грэла і асабліва грэе мяне цяпер, калі мая повязь з радзімай мінімізавалася, а «Новы Час», няхай і ліквідаваны і забаронены, застаецца ці не адзіным каналам сувязі з Беларусьсю.  
Хоць з Аксанай Колб мне зьвязваюць перадусім добрыя прафэсійныя адносіны, падаецца, ня будзе сьмеласьцю сказаць, што зь першых лістоў нас зьвязала да ўсяго і прыязьнь. З пэўнай рэгулярнасьцю я пісаў ёй, дасылаючы тэксты ў рэдакцыю. Аксана заўсёды рупліва рэагавала. Двойчы мы сустракаліся ўжывую ў Вільні. Вядомыя мне спачатку выключна віртуальна далікатнасьць і адкрытасьць Аксаны цалкам пацьвердзіліся і ўжывую. Часта прыгадваю тыя дзьве жывыя стрэчы з Аксанай, якія значна дапоўнілі віртуальны вобраз рэдактаркі шаноўнай газэты.
Варта падкрэсьліць як асабістыя сьмеласьць і адкрытасьць Аксаны, так і ўсёй рэдакцыі газэты: маю на ўвазе адкрытасьць ідэйную, ідэалягічную, павагу да плюралізму думак і выказваньняў, сьмеласьць у публікацыі гендарных і квір-матэрыялаў, адданасьць дэмакратыі. Праца новачасаўцаў, такім парадкам, заўсёды адпавядала назьве газэты.
Сьпяшаюся павіншаваць з днём народзінаў Аксану з любай ёй Вільні і перадаць шчырыя зычаньні і вялікія хвалі аптымізму ад беларусаў Вільні, а таксама спачувалых нам летувісаў. Аксана, ведайце, вы ня проста геройка і чалавек, пра якого думаюць сотні тысячаў беларусаў-к, вы – стваральніца новага часу, навачаснай Беларусі, якой больш не схаваць у імпэрскіх турмах і сутарэньнях.